БЕЛ Ł РУС

Рускамірац Агафонаў, які выехаў з Беларусі, абмяняўся з Азаронкам з’едлівымі шпількамі

12.07.2026 / 22:50

Nashaniva.com

«Нават гомаэратычных фантазій пра мае трусялі незамужні бяздзетны Рыгор дадаў».

Прарасійскі актывіст з Бабруйска Арцём Агафонаў перабраўся ў Расію. Пасля таго, як пра гэта напісалі незалежныя медыя, Агафонаў расказаў новыя дэталі. 

Аказалася, што Беларусь ён пакінуў яшчэ ў кастрычніку мінулага года, аднак не афішаваў гэтага, пакуль не вырашыў пытанні з маёмасцю.

«Спачатку гэтага не афішаваў — у Беларусі заставалася ва ўласнасці нерухомасць, што рабіла мяне ўразлівым. У маі кватэра была прададзеная, а нядаўна купіў ужо тут. Пераехалі разам з усёй сям’ёй — жонкай, сынам і яго дзяўчынай. Пераездам задаволеныя», — напісаў Агафонаў.

Прычынай ад'езду, мяркуючы па ўсім, стаў ціск з боку беларускіх сілавікоў.

У жніўні 2024 года Агафонаў адседзеў суткі ў ІЧУ і атрымаў штраф за «экстрэмізм», пасля чаго міліцыя не пакідала яго ў спакоі.

Ужо з Расіі актывіст паспеў раскрытыкаваць беларускіх чыноўнікаў, назваўшы іх «бляклымі функцыянерамі», і заявіў, што «расійская палітыка, нягледзячы на вайну, застаецца жывой».

Навіна пра ад'езд выклікала рэакцыю ў дзяржпрапагандыста Рыгора Азаронка, які прысвяціў Агафонаву знішчальны пост у сваім стылі, назваўшы яго «нішавым мікраблогерам на 6 праглядаў».

«Селебрыці ў дзіравых труханах думае, што цяперака ён з пашпартам РФ можа ганьбіць краіну і Прэзідэнта… Але вось няўдача — ліберальны хмыр Суздальцаў таксама так думаў. І дах у яго быў сур'ёзнейшы. А яно вунека як выйшла».

Агафонаў за словам у кішэню не палез і адразу ж адказаў Азаронку, паіранізаваўшы з асабістага жыцця прапагандыста.

«Нішавы беларускі макрапрапагандыст не ўтрымаўся ад каментару пра мой ад'езд. Нават гомаэратычных фантазій пра мае трусялі незамужні бяздзетны Рыгор дадаў. Дзеля чагосьці Суздальцава ўзгадаў. А што Суздальцаў? Атрымаў 400 гадзін грамадскіх работ, паспяхова іх адпрацаваў і працягвае публікавацца. І не факт, што змест гэтых работ спадабаўся б «пацярпеламу боку», — напісаў Агафонаў, намякаючы, што не збіраецца ў Расіі маўчаць.

«Беларускай палітыкай працягваю цікавіцца, нягледзячы на пераезд», — напісаў Агафонаў у сваім канале.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула