Падняць або прайсці міма: што рабіць, калі знайшлі гаманец
«Ехала з працы і на лаўцы побач з прыпынкам заўважыла забыты гаманец. Людзі праходзілі міма, а мне стала шкада: раптам нехта прысвоіць? Падняла яго і хацела знайсці гаспадара. Тым не менш задумалася: а калі цяпер міліцыя вырашыць, што я яго скрала? Як правільна паступіць, каб дапамагчы чалавеку і не нажыць праблем?» — спыталася Таццяна ў «Мінск-Навінаў».
Фота: vecteezy.com
— Калі знайшлі гаманец, не трэба забіраць яго дадому або самастойна шукаць уладальніка праз іншых пасажыраў на прыпынку альбо па імені ў сацыяльных сетках, — раіць участковы інспектар Фрунзенскага РУУС Кірыл Касьян. — Выключэнне, калі вы бачылі, хто згубіў партманэт.
Нават калі вы паднялі знаходку з добрых намераў, яна ўсё роўна застаецца чужой маёмасцю.
Правільнае рашэнне ў такой сітуацыі — хутчэй перадаць згубленую рэч альбо ў міліцыю, альбо адміністрацыі аб’екта (калі гаворка пра краму, вакзал ці гандлёвы цэнтр), альбо кіроўцу (калі знайшлі рэч у грамадскім транспарце). Тады будуць выкананы фармальнасці, і ва ўладальніка атрымаецца хутка вярнуць маёмасць.
Катэгарычна нельга разлічвацца банкаўскімі плацежнымі картамі або пакідаць сабе грошы са знойдзенага гаманца. Карыстанне чужой банкаўскай карткай, у тым ліку яе прывязка да электронных сэрвісаў, кваліфікуецца як крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі і згодна з арт. 212 КК Рэспублікі Беларусь караецца штрафам, альбо арыштам, альбо абмежаваннем волі на 3 гады, альбо пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Завалоданне грашыма, гаманцом і іншай маёмасцю іншага чалавека, напрыклад барсеткай, сумкай, пакетам, скрынкай, у залежнасці ад кошту выкрадзенага цягне адказнасць або за дробны крадзеж (арт. 11.1 КаАП Рэспублікі Беларусь), або за крадзеж (арт. 205 КК). У апошнім выпадку, калі шкода прычынена фізічнай асобе і складае больш за 2 базавыя велічыні, пагражае пакаранне аж да пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў.
Любая знойдзеная рэч застаецца чужой уласнасцю. Чым хутчэй яна будзе перададзена таму, хто зможа адшукаць уладальніка, тым большая верагоднасць, што чалавек верне свае дакументы і грошы, а ў вас не ўзнікне непрыемнасцяў.
Нядаўна ў Фрунзенскім раёне адбылася падобная гісторыя: 79‑гадовая пенсіянерка прыйшла на прыпынак і заўважыла на лаўцы чужы гаманец. Яна села побач з ім і нават не паспрабавала знайсці гаспадыню, адкрыла яго і забрала 350 рублёў. Гаманец выкінула ў сметніцу. Праз некаторы час сапраўдная ўладальніца вярнулася па забыты партманэт, але не знайшла яго на ранейшым месцы і звярнулася ў міліцыю. Па выніках праверкі завялі крымінальную справу за крадзеж.
Участковы раіць: заўважыўшы пакінутыя чужыя рэчы, паведаміце пра гэта па тэлефоне 102.