На Аляксандру Герасіменю напалі ў цэнтры Варшавы
На аўтавакзале «Варшава-Заходняя», да яе ззаду падышоў невядомы мужчына прыкладна 35 гадоў і ўдарыў кулаком па галаве.
Фота: Volha Shukaila SOPA Images LightRocket via Getty Images
«Некалькі дзён таму на маю сяброўку Аляксандру Герасіменю, вядомую беларускую спартсменку, чэмпіёнку свету па плаванні, напалі проста ў цэнтры Варшавы», — паведаміла ў сваім фэйсбуку рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна
«На аўтавакзале «Варшава-Заходняя», куды Саша прыехала па справах раніцай 10 ліпеня, да яе ззаду падышоў невядомы мужчына прыкладна 35 гадоў і ўдарыў кулаком па галаве. Пры гэтым ён не сказаў ні слова і адразу пайшоў.
Ад шоку і болю Саша не адразу зразумела, што адбылося. Паклікаць на дапамогу не было каго — людзі спяшаліся на свае рэйсы і нават не звярнулі ўвагі на здарэнне. Калі яна апрытомнела, то паехала ў паліцыю.
Я прыехала да Сашы ўжо ў Komenda Rejonowa Policji Warszawa III (вул. Opaczewska, 8), дзе яна дала паказанні і расказала пра тое, што адбылося.
Аднак пры мне супрацоўніца паліцыі сказала, што знайсці нападніка будзе даволі складана: не факт, што здарэнне трапіла на камеры назірання; нават калі відэазапіс ёсць, невядома, якой якасці будзе выява; і, нарэшце, магчыма, гэтага чалавека няма ў паліцэйскай базе даных. Калі ж яго і знойдуць, то, хутчэй за ўсё, не пасадзяць, бо калі траўмы не цяжкія і не маюць відавочных прыкмет, гэта можа быць кваліфікавана як дробнае хуліганства», — напісала яна.