БЕЛ Ł РУС

Лідар «Драздоў» заявіў, што чакае афіцыйных выбачэнняў ад гомельскай раёнкі

13.07.2026 / 12:17

Nashaniva.com

Пасля паспяховага канцэрта гэтага папулярнага беларускамоўнага гурта на афіцыйным Дні Незалежнасці ў Гомелі рэдактарка газеты «Маяк» Вікторыя Футрына выступіла з меркаваннем, якое ідзе насуперак «палітыцы партыі».

Скрыншот відэа гурта

Адказваючы на ўласнае пытанне «ці можна дараваць здраднікам», яна заявіла: «давяраць таму, хто аднойчы здрадзіў, я б ужо не стала». Таксама яна выказала сумневы, што ў «Драздаў» хопіць смеласці «стаць на абарону Радзімы», заўважыў «Флагшток».

Лідар гурта Віталь Карпанаў пасля чарговага канцэрта, які прайшоў 11 ліпеня ў Маладзечне, апублікаваў відэа з песняй «Хатай бацькоў» і размясціў на сваіх старонках у сацыяльных сетках пост з мяккай рэакцыяй, імкнучыся прадэманстраваць канструктыўны падыход: 

«Мне даслалі ролік, дзе адно з дзяржаўных СМІ чарговы раз назвало гурт «Дразды» здраднікамі… Тым часам на канцэрт гэтых «здраднікаў» сёння прыйшло 2700 гледачоў! Калегі, калі вы перастанеце жыць у паралельнай рэальнасці? Пакуль мы чакаем афіцыйных выбачэнняў ад гэтага СМІ, паглядзіце, як любяць гэтых хлопцаў простыя беларусы!»

У каментарыях калектыў масава падтрымалі. Напрыклад, адзін з карыстальнікаў пакінуў такі водгук: «Гурт «Дразды» — самы лепшы гурт у Беларусі, які нясе ў масы любоў да нашай беларускай мовы і любоў да нашай Радзімы, сінявокай Беларусі. Учора была на канцэрце — гэта проста незабыўна. А хто піша пра іх брыдоты, тыя самі здраднікі і хлусы. Поспехаў хлопцам і дзякуй за любоў да нашай Радзімы, да людзей».

На раніцу 13 ліпеня рэдактарка гомельскай раённай газеты не выдаліла і не адрэдагавала сваю «калонку» на сайце «Маяка».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула