БЕЛ Ł РУС

Палітзняволенага Дзяніса Івашына, верагодна, зноў кінулі ў ШІЗА

13.07.2026 / 12:40

Nashaniva.com

У магілёўскую калонію Дзяніса Івашына вярнулі 18 чэрвеня — дагэтуль ён 3 гады адбыў у турме №8 у Жодзіне.

Менавіта тым днём датаваны ягоны ліст да маці, потым ліст ад 21 чэрвеня атрымала жонка. З той пары больш ніводнага ліста ад Дзяніса яны не атрымалі, распавяла БАЖ Вольга Івашына:

«Адразу па прыбыцці ў калонію мужа мусілі памясціць у каранцін. Але адтуль лісты даходзілі. Зараз, калі лістоў няма ўжо 22 дні, выглядае на тое, што яго кінулі ў ШІЗА. Мы гэта ўжо «праходзілі» ў турме, калі Дзяніса трымалі ў штрафным ізалятары. Тады таксама лістоў не было па некалькі тыдняў».

Вольга зазначала, што не чакае ад ўтрымання ў ПК-15 нічога добрага. Туды Дзяніса Івашына накіравалі адбываць прысуд першапачаткова, і там яго збівалі, здзекваліся з ягонай беларускай мовы, забаранялі тэлефонныя званкі, прадуктовыя пасылкі, спатканні з бацькамі, некалькі разоў каралі штрафным ізалятарам. І гэта ўсяго за некалькі месяцаў, якія давялося правесці ў ПК-15.

Дзяніс Івашын быў затрыманы 12 сакавіка 2021 года ў Гродне і асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц зняволення за нібыта «здраду дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэксу) і «незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці» (арт. 179 КК). Агулам Дзяніс Івашын знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за 5 гадоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула