БЕЛ Ł РУС

У Расіі хацелі наняць дворнікаў з КНДР, але «не пацягнулі па зарплаце»

13.07.2026 / 13:21

Nashaniva.com

Кіраўнік Арэнбурга Альберт Юмадзілаў заявіў, што гарадскія ўлады планавалі прыцягнуць да прыбірання вуліц грамадзян Паўночнай Карэі, аднак сутыкнуліся з непераадольным фінансавым бар’ерам. Камунальнікі з КНДР адмовіліся працаваць за прапанаваныя 55 тысяч расійскіх рублёў (гэта 2000 беларускіх).

«Наколькі я ведаю, рабочыя з Паўночнай Карэі на 55 тысяч не паедуць. Там узровень заработнай платы ў 2—3 разы большы. Зразумела, у іх і КПД большы, яны працуюць як робаты, я бачыў на свае вочы… Але мы проста па зарплаце не пацягнем», — цытуе Юмадзілава мясцовы партал 1743.ru.

Затое ў горадзе паспяхова прыжыўся іншы эксперымент — з рабочымі з Сенегала. Першыя 10 афрыканскіх дворнікаў з'явіліся ў Арэнбургу ў красавіку, цяпер іх колькасць вырасла да 31, і чакаецца прыезд яшчэ чатырох. Мэр вельмі задаволены іх працай: сенегальцы бяруць не больш за мясцовых, але гатовыя выконваць самую цяжкую і брудную працу, выходзіць на змены па суботах і нядзелях.

Расія актыўна вярнулася да практыкі найму паўночнакарэйцаў у абыход санкцый ААН. Аднак, паводле дадзеных расследавальнікаў, заробак рабочых з КНДР ідзе наўпрост дзяржаве, самі яны ўтрымліваюцца ў РФ у рабскіх умовах пад наглядам спецслужб, а сваю долю грошай могуць атрымаць толькі пасля вяртання на радзіму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула