На Беларускім радыё без папярэджання перасталі трансляваць каталіцкую імшу
Першы нацыянальны канал беларускага дзяржаўнага радыё ўжо на працягу трох тыдняў не вядзе трансляцыю святой імшы з мінскага архікатэдральнага касцёла. Раней такая трансляцыя адбывалася кожную нядзелю ў 8.15, піша Katolik.life.
Пра гэта расказалі ў сацсетках вернікі напярэдадні мінулай нядзелі — паводле іх, трансляцыі не было ўжо два тыдні. І сапраўды, у нядзелю 12 ліпеня ў эфіры радыё імша зноў не гучала, замест яе грала класічная музыка.
Гэта пацвярджае інфармацыя на сайце радыё, дзе пералічваецца ўсё, што было ў эфіры па хвілінах. У праграме перадач у 8.15 была пазначаная праграма «Каталіцкая пропаведзь», а па факце ў эфіры была «Тэматычная рубрыка».
Адна з верніц патлумачыла, чаму трансляцыя імшы па радыё вельмі важная, а іншыя вернікі паспрабавалі даведацца, што здарылася і ці чакаць аднаўлення трансляцыі.
Паводле жыхаркі невялікага горада, яна мае ляжачую сваячку, якая слухае радыё і ўжо шмат гадоў моліцца дзякуючы трансляцыі святой імшы. Цяпер яна адчувае вялікі стрэс праз тое, што ўжо тры тыдні не можа далучацца да набажэнства.
Такі выпадак — не адзіны. Многія пажылыя вернікі не маюць магчымасці рэгулярна бываць у храме на імшы, таму дыстанцыйна з дапамогай радыё далучаюцца да малітвы. З мінскага архікатэдральнага і іншых касцёлаў Беларусі вядзецца відэа-трансляцыя ў інтэрнэце, але зноў жа многія пажылыя людзі не маюць гаджэтаў і доступу ў інтэрнэт. Акрамя таго, трансляцыя імшы па радыё мае важнае евангелізацыйнае значэнне.
Пры гэтым праваслаўная перадача «Духоўнае слова» па-ранейшаму гучыць на радыё, а каталіцкая перадача — не.
Як даведаліся вернікі, у парафіі архікатэдральнага касцёла не мелі інфармацыі пра тое, што трансляцыя імшы не вядзецца. Парафіяне назіралі, як дзеля эфіру службу ў 8.15 праводзяць літаральна па секундамеры — спецыяльна для таго, каб укласціся ў адведзены на радыё час.
Так імшу і працягвалі адпраўляць ўвесь гэты час. Атрымліваецца, парафію не папярэдзілі пра тое, што трансляцыя спыненая.
У праграме перадач радыё на бягучы тыдзень «Каталіцкая пропаведзь» зноў значыцца ў нядзелю ў 8.15. Вернікі спадзяюцца, што гэтым разам імша прагучыць і што прычыны прыпынення трансляцыі былі тэхнічнымі.
Каталіцкая імша транслюецца апошнія пяць гадоў пасля аднаўлення перадачы ў 2021 годзе, калі на адрас уладаў і кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі звярнуўся тагачасны Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Казімір Велікаселец.
Чытайце таксама:
Грэка-каталіцкага святара з Івацэвічаў асудзілі за Гаюна
На Смаргоншчыне адновяць капліцу, якую знёс п'яны кіроўца
Культ Святога Себасцьяна. Як жорстка закатаваны раннехрысціянскі святы стаў гей-іконай