8000 рублёў за год навучання. Самыя дарагія спецыяльнасці ў ВНУ Мінска
Беларускія ўніверсітэты пачалі прыём дакументаў на бюджэтную і платную формы навучання.
Onliner.by вывучыў актуальны кошт навучання ў мінскіх ВНУ і склаў падборку самых дарагіх спецыяльнасцей для першакурснікаў. Цікава, што «айцішныя» спецыяльнасці не апынуліся на вяршыні спісу — дыплом дызайнера або эканаміста можа запатрабаваць яшчэ большых фінансавых выдаткаў.
У падборку ўвайшлі дзяржаўныя ўніверсітэты Мінска. Гэта кошт першага года навучання — на наступных курсах ён часам меншы. Не ўлічвалі БНТУ і Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі, бо на момант публікацыі гэтыя ВНУ яшчэ не абвясцілі кошт навучання на 2026/2027 навучальны год. У прыёмных камісіях паведамілі, што актуальныя цэны стануць вядомыя пазней.
8083 рублі — пілоты
Столькі каштуе першы год навучання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі па спецыяльнасці «Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў цывільнай авіяцыі». Для будучых пілотаў першы курс — не самы дарагі: наступныя некалькі гадоў навучанне каштуе больш за 60 000 рублёў за год. Сёлета акадэмія плануе прыняць 5 студэнтаў на бюджэт і 2 — на платную форму.
6669 рублёў — усходазнаўцы, дыпламаты і дызайнеры
Пераходзім да самых дарагіх спецыяльнасцей Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта дзве спецыяльнасці факультэта міжнародных адносін — «Міжнародная канфлікталогія» і «Міжнародныя адносіны», «Усходняя філалогія» на філалагічным факультэце, а таксама ўсе дызайнерскія спецыяльнасці факультэта сацыякультурных камунікацый.
6818 рублёў — юрысты і афрыканісты
За такую суму можна навучацца на юрыдычных спецыяльнасцях БДУ: «Правазнаўства», «Эканамічнае права» на юрыдычным факультэце, а таксама «Міжнароднае права» на факультэце міжнародных адносін. З мінулага года тут таксама рыхтуюць спецыялістаў па краінах Афрыкі.
Пасля 4,5 года навучання выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю «Афрыканіст. Перакладчык» і могуць працаваць у органах дзяржаўнага кіравання, дыпламатычных прадстаўніцтвах, бізнэс-структурах і культурных установах.
6554 рублі — эканамісты
За такую суму можна выбраць любую спецыяльнасць эканамічнага факультэта БДУ і ў будучыні стаць менеджарам, банкаўскім работнікам або аўдытарам. У новым навучальным годзе для першакурснікаў усе гэтыя спецыяльнасці каштуюць аднолькава.
5935 рублёў — біёлагі, палітолагі і журналісты
Такая цана ўстаноўлена для ўсіх спецыяльнасцей біялагічнага і журналісцкага факультэтаў БДУ, а таксама для шэрагу іншых спецыяльнасцей. Напрыклад, «Паліталогія» на юрыдычным факультэце, «Псіхалогія», «Сацыялогія» і «Сацыяльныя камунікацыі» на факультэце філасофіі і сацыяльных навук, а таксама «Сацыяльна-культурны менеджмент і камунікацыі» на факультэце сацыякультурных камунікацый.
5900 рублёў — стаматолагі
Гэта самая дарагая спецыяльнасць Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Навучанне па іншых медыцынскіх спецыяльнасцях або на фармацэўта абыдзецца танней — 5000 рублёў на год.
5727 рублёў — перакладчыкі і філолагі
Гэта спецыяльнасці «Сучасныя замежныя мовы» і «Перакладчыцкая справа» факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ, а таксама «Рамана-германская філалогія» на філалагічным факультэце. Выпускнікі могуць працаваць лінгвістамі, перакладчыкамі або выкладчыкамі.
5458 рублёў — праграмісты і геолагі
Мы дайшлі да тэхнічных спецыяльнасцей, якія могуць стаць асновай для кар'еры ў ІТ. Амаль 5,5 тысячы рублёў каштуе навучанне ў БДУ на спецыяльнасцях факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій — «Кібербяспека», «Інтэлектуальная электроніка», «Прыкладная інфарматыка», а таксама на ўсіх спецыяльнасцях факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі і па профілі «Камп'ютарнае мадэляванне і распрацоўка вэб-дадаткаў» факультэта сацыякультурных камунікацый.
Такі ж кошт маюць і шэраг спецыяльнасцей геаграфічнага факультэта: «Геаінфармацыйныя сістэмы», «Гідраметэаралогія», «Касмааэракартаграфія і геадэзія», «Геатэхналогіі турызму і экскурсійнай дзейнасці», «Краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць».
5414 рублёў — эканамісты і лагісты
Столькі каштуе першы год навучання на ўсіх спецыяльнасцях Інстытута бізнэсу БДУ. Такая адукацыя адкрывае магчымасці для кіравання бізнэсам, а таксама працы ў сферах эканомікі і лагістыкі.
5250 рублёў — яшчэ айцішнікі
Замыкаюць падборку тры самыя дарагія факультэты БДУІР: факультэт камп'ютарных сістэм і сетак, факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання, а таксама інжынерна-эканамічны факультэт. Навучанне на першым курсе па ўсіх спецыяльнасцях гэтых факультэтаў каштуе аднолькава — 5250 рублёў за год.