Мінчанка зняла канфлікт паміж падлеткамі, пасля чаго іх выклікалі ў міліцыю
Увечары 13 ліпеня на тэрыторыі жылога комплексу «Вяршыня» адбыўся інцыдэнт, які шакаваў мінчанку Маргарыту. Яна зняла на відэа, як адзін з падлеткаў ляжаў на асфальце, атрымаўшы, паводле яе назіранняў, удар ад аднаго з прыяцеляў.
У роліку яна адзначыла, што «краіна павінна ведаць сваіх герояў», і заклікала бацькоў крыўдзіцеля «даць яму папружкі», піша Onliner.by.
Інцыдэнт адбыўся каля васьмі гадзін вечара. Маргарыта разам са сваім трохгадовым сынам сядзелі на лаўцы каля дома, елі марозіва і здымалі пра гэта ролік.
— У нейкі момант я пачула сварку паміж падлеткамі, якія былі непадалёк: двое абражалі свайго прыяцеля, які, відаць, быў маладзейшы за іх. Пачуўшы нецэнзурныя словы, я зрабіла тым двум заўвагу, але ў адказ атрымала поўнае ігнараванне.
Паводле суразмоўцы, канфлікт працягваўся каля паўгадзіны. У нейкі момант яна пачула крык і ўключыла камеру.
— Сам удар і момант падзення я зняць не паспела. Але калі падышла бліжэй, убачыла падлетка, які ляжаў на асфальце, і двух крыўдзіцеляў побач з ім. Лічу, што так быць не павінна, таму і апублікавала ў сваім Instagram гэты ролік з просьбай максімальнага распаўсюджвання. Хлопчык, якога збілі, прасіў не расказваць пра здарэнне яго бацькам і адмовіўся ад дапамогі. У той жа час я палічыла неабходным надаць гэтай гісторыі агалоску, бо лічу, што гэта найлепшы спосаб пакарання за такія ўчынкі.
Ролік Маргарыты, у якім яна заклікала бацькоў крыўдзіцеля даць яму рамня і казала, што «краіна павінна ведаць сваіх герояў», убачылі не толькі больш за 50 тысяч падпісчыкаў, але і супрацоўнікі міліцыі.
У аўторак, 14 ліпеня, выпадак пракаментавалі ў МУС. У ведамстве паведамілі, што абодвух удзельнікаў канфлікту хутка ўстанавілі. Імі былі школьнікі з Фрунзенскага раёна Мінска. Крыўдзіцелю — 13 гадоў, пацярпеламу хлопчыку — 12.
«Падлеткаў разам з бацькамі запрасілі ў РУУС для разбіральніцтва. Падчас гутаркі высветлілася, што хлопцы сябруюць і разам трэніруюцца ў адным са сталічных футбольных клубаў. У дзень канфлікту яны разам з іншымі знаёмымі пайшлі гуляць пасля наведвання летняга школьнага лагера. Падчас сумеснага адпачынку паміж падлеткамі ўзнікла непаразуменне, якое і прывяло да інцыдэнту», — паведамілі ў МУС.
Па факце здарэння праводзіцца праверка. Таксама ў ведамстве адзначылі, што бацькі пацярпелага школьніка адмовіліся пісаць заяву аб прыцягненні вінаватага да адказнасці. З непаўналетнімі і іх законнымі прадстаўнікамі супрацоўнікі міліцыі правялі прафілактычную гутарку.