Мігранты з Узбекістана, якія толькі прыехалі, папрасілі вярнуць іх з Беларусі: абяцаных заробкаў няма
«За 500 даляраў працаваць не будзем. Чым так, лепш бы вы нас назад ва Узбекістан адправілі».
Скрын відэазврота. Крыніца: t.me/davletovuztw
9 ліпеня падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева Мінск і Ташкент падпісалі міжурадавае пагадненне аб арганізаваным наборы і працаўладкаванні грамадзян Узбекістана для часовай працы ў Беларусі.
Ужо на гэтым тыдні ў Беларусь прыбыла дэлегацыя з Андыжанскай вобласці на чале з яе кіраўніком (хакімам) Шухратбекам Абдурахманавым. Амаль адначасова ў краіну вылецела і першая група з 255 жыхароў вобласці, якія выказалі жаданне працаваць у Беларусі.
«Гэтыя грамадзяне ў Беларусі будуць забяспечаны высокааплатнымі працоўнымі месцамі, адпаведнымі ўмовамі працы і сацыяльнымі гарантыямі», — паведамляў тэлеграм-канал хакіма.
Вылет групы з 255 чалавек шырока асвятлялі мясцовыя СМІ Узбекістана. Крыніца: t.me/sh_abdurahmonov
Аднак, калі верыць відэазвароту, апублікаванаму сёння ў сацыяльных сетках, рэальнасць аказалася іншай.
На запісе, зробленым, імаверна, у Віцебску, вялікая група мужчын звяртаецца да Шухратбека Абдурахманава і скардзіцца на ўмовы, якія ім прапанавалі пасля прыезду.
Паводле іх слоў, падчас сустрэчы з прадстаўніком працадаўцы ім паведамілі, што заробак складзе каля 500 долараў на месяц, а выдаткі на харчаванне і пражыванне яны павінны будуць несці самастойна.
«Ён сказаў: калі ёсць праца больш чым на 500 даляраў, дык ідзіце, я больш грошай не дам. Заробак — 500 даляраў, харчаванне за твой кошт, за жыллё сам плаціш», — расказваюць мігранты.
Яны сцвярджаюць, што на такія ўмовы не пагадзіўся ніхто.
«Усе астатнія мы — не, за 500 даляраў працаваць не будзем», — кажуць яны.
Адзін з мужчын тлумачыць, што пасля аплаты асноўных выдаткаў ад заробку амаль нічога не застанецца.
«Калі мы тут будзем працаваць за 500 даляраў, калі 200 даляраў пойдзе на ежу, яшчэ каля 100 — на мыла, мыццё і іншыя бытавыя патрэбы, то няма ніякага сэнсу працаваць тут за 200 даляраў, марнаваць час і пакутаваць», — кажа ён.
Пасля гэтага аўтар звароту звяртаецца да кіраўніка вобласці з просьбай дапамагчы:
«Чым так, лепш бы вы нас назад ва Узбекістан адправілі».
Іншы ўдзельнік відэа сцвярджае, што на радзіме яны могуць зарабіць больш.
«Ва Узбекістане мы больш за гэта зарабляем. Нам кажуць: «Ідзіце». Але абяцалі, што да вечара ўсё вырашаць. Вось мы і просім вас гэта вырашыць».
На момант публікацыі Агенцтва міграцыі Узбекістана і іншыя адказныя ведамствы сітуацыю афіцыйна не пракаментавалі.
Нагадаем, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з хакімам Андыжанскай вобласці Шухратбекам Абдурахманавым і прапанаваў яму не абмяжоўвацца супрацоўніцтвам з Віцебскай вобласцю, а разгледзець магчымасць накіроўваць працоўных мігрантаў таксама ў Магілёўскую.
Чытайце таксама:
Стала вядома, па якіх правілах будуць масава працаўладкоўваць узбекаў у Беларусі
«Вам няма куды людзей дзяваць». Лукашэнка натхняў узбекаў засяляць апусцелую Магілёўшчыну