Вось хто той хлопец, які паехаў на праполку бульбы і стаў героем сацсетак
Сціплы школьнік не чакаў, што стане папулярным.
На гомельскім абласным тэлебачанні днямі выйшаў сюжэт пра студэнцкі атрад, які працуе на праполцы бульбы на палях эксперыментальнай базы «Крынічная» ў Мазырскім раёне. Інтэрв'ю аднаго з юнакоў завірусілася ў сацсетках.
«Працую ў студатрадзе першы раз — усё выдатна. На палях мы тут збіраем, пустазелле вырываем, якая трава іншая. Бульбу не чапаем. Ходзім па палях. Ва ўсіх ёсць свая дарожка.
Усё выдатна тут. Умовы ўсе супер. Працуем. Так, я кажу, тут ва ўсіх першы раз амаль. Усё выдалі. Робу. Вада. Усё маецца. Кепкі, пальчаткі. Усё выдатна», — пасмяхаючыся апісаў хлопец.
Героем аказаўся будучы 10-класнік Вадзім Ходзік. Ён вучыцца ў сярэдняй школе №16 Мазыра, піша БелТА.
У жыцці Вадзім — сціплы хлопец, сацыяльныя сеткі не вядзе.
«Вядома, не думаў, што стану папулярным. Проста неяк працаваў на палях, прыйшлі журналісты — і бам, ужо папулярным прачынаюся», — здзіўлены ён.
Хлопец рэагуе на такую славу спакойна і абыякава. «Шмат хто мне гэта дасылаў ужо: і сябры, і знаёмыя. Усе спакойна рэагуюць, я спакойна рэагую, ды і ўсё нармальна. Бачыў, што ў каментарыях шмат хто пісаў, але мне асабіста ніхто не пісаў з незнаёмых. Мне няважна, ці будуць размовы пра гэта ў школе. Паглядзім 1 верасня».
Хлопец запісаўся ў студатрад і першапачаткова ішоў на збожжавыя палі. Але трапіў на праполку бульбы. «Таксама нескладаная праца, нармальна».
Працаваць школьнікі пачынаюць а 9.30, з’язджаюць а 13.00. «Пайшоў, каб проста былі грошы, падзарабіць захацеў для сябе. Звычайна трачу на адзенне і ежу», — расказаў Вадзім Ходзік.
Школьнік пераходзіць у 10‑ы клас, але ўжо вызначыўся з будучынёй. Добрае веданне грамадазнаўства і гісторыі падштурхнула яго глядзець у бок юрыдычных спецыяльнасцей і ВНУ ў Мінску. З дзяцінства Вадзім Ходзік таксама захапляецца грэка-рымскай барацьбой, часта выступае на спаборніцтвах і нават выйграваў абласныя.