Чалы ўжо не бачыць Крутога пераемнікам Лукашэнкі. А каго называе?
На мінулых выбарах Чалы лічыў, што Лукашэнка не пойдзе балатавацца, а замест яго будзе кіраўнік Адміністрацыі Дзмітрый Круты.
Сяргей Чалы. Фота: Наша Ніва
Палітычны аналітык Сяргей Чалы ў інтэрв'ю ютуб-каналу «ЧастнОK-Live» паразважаў пра тое, хто мог бы стаць пераемнікам Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксандр Івулін па чарзе прапанаваў Чаламу ацаніць шанцы розных прадстаўнікоў беларускай вярхушкі. Першым у спісе быў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын.
На думку Чалага, гэты чыноўнік не ўваходзіць у лік найбольш верагодных пераемнікаў, бо ён «вельмі безамбіцыйны».
Аляксандр Турчын. Фота: БелТА
«Ён не застаўся б ва ўладзе пасля ўсяго гэтага з развагамі кшталту: «А што я яшчэ магу? Я ж больш нічога не ўмею. А я буду і далей на гэтых галерах». Не», — даводзіць Чалы.
Разважаючы пра старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву, Чалы адзначыў, што, на яго думку, быў перыяд, калі з Качанавай спрабавалі «ляпіць» пераемніцу.
Наталля Качанава. Фота: тэлеграм-канал Савета Рэспублікі
Аднак, лічыць аналітык, яна занадта рана пачала паводзіць сябе так, нібыта ўжо набыла гэты статус.
«Яна даволі хутка перайграла свае карты. Занадта з энтузіязмам успрыняла гэтую гульню. І Лукашэнку гэта не спадабалася. (…)
Класічная памылка візіра, калі ты кажаш: «Мне ўжо нядоўга засталося. Давайце, можа быць…» У аўтарытарных грамадствах трэба казаць: «Што ж гэта такое? На каго ж вы нас пакідаеце?» І ні ў якім разе не паказваць ніякіх сваіх надзей. Як толькі ты паказваеш надзеі, ты адразу выбываеш з гэтай гульні».
Мікалай Снапкоў. Фота: «Наша Ніва»
Першага віцэ-прэм'ера Мікалая Снапкова Чалы назваў «самым хітрым» сярод высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў і выказаў меркаванне, што Снапкоў добра разумее рэальнае становішча спраў, хоць і вымушаны існаваць у той сістэме, якая склалася. На думку аналітыка, ён нават мог бы быць «нядрэнным варыянтам».
Не выключыў Чалы і магчымасці таго, што пераемнікам мог бы стаць дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч, тым больш што ён таксама Аляксандр Рыгоравіч.
«Народ і не заўважыць», — пажартаваў аналітык.
Аляксандр Вальфовіч выступае на цырымоніі ўскладання кветак да Кургана Славы замест Лукашэнкі. 3 ліпеня 2026 года. Скрыншот відэа
На яго думку, Вальфовіч — адзін з нешматлікіх прадстаўнікоў беларускай вярхушкі, хто сапраўды валодае поўнай інфармацыяй пра сітуацыю і не жыве ў самападмане. Чалы нагадаў, што той курыраваў комплексную праверку Узброеных сіл і таму добра ведае іх рэальны стан.
Ён таксама звярнуў увагу на выступ Вальфовіча на Кургане Славы ў Дзень Незалежнасці:
«Ён даволі пісьменна выступіў на Кургане, калі сказаў, што Лукашэнка, не хвалюйцеся, вырашае пытанні стратэгічнага характару. Хоць ён, хутчэй за ўсё, ляжаў пад кропельніцай ці яшчэ нешта ў гэтым духу».
Наталля Пяткевіч. Фота: БелТА
Што тычыцца намесніцы прэм’ер-міністра Наталлі Пяткевіч, то яе Чалы ўвогуле не разглядае.
«Я думаю, што яе нават супраць волі выцягнулі. Яна цудоўна жыла, потым яе выцягнулі, сказалі: «А вось будзеш займацца сацыяльнай сферай». А цяпер яшчэ і даручылі нейкім хакейным «Дынама» [займацца]. «Божа, я? Хакей? Што?» Карацей, там жах».
Не верыць Чалы і ў перспектывы старэйшага сына Лукашэнкі. Паводле яго, Віктар дапусціў некалькі сур'ёзных палітычных памылак. У прыватнасці, «таксама класічную памылку візіра, калі той казаў: «Давайце рыхтаваць новую Канстытуцыю», — маўляў, змена пакаленняў і ўсё такое. І бацька зразумеў, што ён чакае».
Віктар Лукашэнка. Фота: НАК Беларусі
Акрамя таго, Віктар Лукашэнка, як лічыць Чалы, сапсаваў адносіны з дзяржаўным апаратам, бо
«замест таго, каб дасягаць сваіх мэтаў, узгадняючы інтарэсы з іншымі, ён вырашыў: «А чаго я буду з вамі дамаўляцца? Зараз мне бацька ўказ падпіша — і ўсё».
Што тычыцца былога фаварыта Чалага ў якасці пераемніка, кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрыя Крутога, то, як заўважае аналітык, за апошні час той «моцна здаў».
«На кожнай нарадзе ён, як гэта па-руску называецца, «подп**дывает». То-бок умешваецца і дагаворвае за яго слова або: «Так-так-так». Ён у гэтым сябе знайшоў».
Дзмітрый Круты. Фота: БелТА
Пры гэтым Чалы падкрэсліў, што пераемнік пры Лукашэнку і чалавек, які можа прыйсці да ўлады ўжо пасля яго, — гэта не адно і тое ж.
На думку Чалага, пасля Лукашэнкі ўлада можа апынуцца ў руках людзей, якіх сёння амаль ніхто не разглядае ў такой ролі. Пры гэтым ён не верыць, што вырашальную ролю ў перадачы ўлады змогуць адыграць сілавікі.
«Сілавікі — не. Проста не. Бо, вядома, яны будуць удзельнічаць, але, як паказвае досвед, яны прайграюць. Яны думаюць, што ў іх на руках усе карты. Насамрэч у іх няма нічога».