Стала вядома, каго Зяленскі хоча прызначыць міністрам абароны. Але яго трэба яшчэ звольніць з войска
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што пасля завяршэння неабходных юрыдычных працэдур плануе ўнесці ў Вярхоўную Раду для прызначэння на пасаду міністра абароны краіны кандыдатуру Яўгена Хмары.
Яўген Хмара
Яўген Хмара — генерал-маёр Службы бяспекі Украіны. З 2011 года ён праходзіць службу ў Цэнтры спецыяльных аперацый «А», больш вядомым як падраздзяленне «Альфа». У 2023 годзе ён узначаліў гэтае спецыяльнае падраздзяленне.
Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Хмара ўдзельнічаў у абароне Кіева і баявых дзеяннях па вызваленні Кіеўскай вобласці. Пасля гэтага выконваў баявыя задачы на Данеччыне.
За гады службы Яўген Хмара быў узнагароджаны ордэнамі Багдана Хмяльніцкага І, ІІ і ІІІ ступеняў, ордэнам «За мужнасць» ІІІ ступені, а таксама адзнакай Прэзідэнта Украіны «Крыж баявых заслуг».
Паводле Службы бяспекі Украіны, падраздзяленне «Альфа» пад яго кіраўніцтвам праводзіць спецыяльныя аперацыі як на лініі фронту, так і ў глыбокім тыле праціўніка.
Паводле дзейнага ўкраінскага заканадаўства міністр абароны павінен быць цывільнай асобай. Паколькі Яўген Хмара цяпер з'яўляецца дзейным вайскоўцам, спачатку неабходна змяніць яго службовы статус. Менавіта гэта і маецца на ўвазе, што перад унясеннем яго кандыдатуры на разгляд Вярхоўнай Рады Украіны патрэбна яшчэ прайсці «неабходныя юрыдычныя працэдуры».
Пасада міністра абароны вызвалілася пасля таго, як учора пра сваю адстаўку заявіў ранейшы міністр Міхаіл Фёдараў. Ён прапрацаваў на сваёй пасадзе толькі паўгода, але за гэты час добра сябе зарэкамендаваў, таму замена міністра абароны ў сувязі са зменай усяго ўрада выклікае ва ўкраінскім грамадстве найбольшае неразуменне.
Чытайце таксама:
Зяленскі прапанаваў новую пасаду былому міністру абароны, але той адмовіўся
Намеснік камандуючага ўкраінскіх ВПС падаў у адстаўку праз звальненне міністра абароны
Зяленскі прапанаваў Сяргея Карэцкага на пасаду прэм'ера Украіны
Зяленскі адстаўляе папулярнага маладога міністра абароны. У таго не было ўзаемаразумення з Сырскім