«Сапраўдны цуд лёсу»: неверагодная гісторыя першай сустрэчы Ліянеля Месі і Ламіна Ямаля
Найлепшы футбаліст усіх часоў і спадкаемца ягонай ролі на правым флангу «Барселоны» ўпершыню сустрэнуцца адзін супраць аднаго, калі Аргенціна і Іспанія згуляюць у нядзелю ў фінале чэмпіянату свету. Але ў жыцці яны першы раз сустрэліся 19 гадоў таму
Фота Жаан Манфорт
Улічваючы, што Ліянэлю Месі цяпер 39 гадоў, а Ламіну Ямалю толькі 19, сам факт таго, што матч з удзелам абодвух можа адбыцца — не кажучы ўжо пра галоўны паядынак сусветнага футбола, — сведчыць пра неверагодную настойлівасць першага і выключны талент другога. Аднак гэта далёка не першы раз, калі іх шляхі перасекліся, піша Бі-бі-сі.
Гэта адбылося яшчэ ў 2007 годзе, калі 20‑гадовы Месі толькі замацаваўся ў асноўным складзе «Барселоны», а Ламіну Ямалю было ўсяго пяць месяцаў.
Гэтую сустрэчу захавала серыя фотаздымкаў, зробленых Жаанам Манфортам.
Фотаздымкі зноў сталі вядомымі два гады таму, калі Ламін Ямаль дапамог зборнай Іспаніі выйграць Еўра-2024.
Тады яго бацька апублікаваў адзін з іх у сацыяльных сетках з подпісам: «Пачатак дзвюх легенд».
На здымках усмешлівы Месі трымае на руках і купае маленькага хлопчыка, які праз гады неверагодным чынам пойдзе амаль тым самым футбольным шляхам.
«Гэта сапраўдны цуд лёсу, — расказаў Манфорт BBC Sport. — Гэта шчаслівы выпадак, калі знаходзіш нешта значна больш асаблівае, чым мог сабе ўявіць.
Калі б такое паказалі ў фільме, гэта выглядала б неверагодна».
«Месі не меў уяўлення, што рабіць з немаўлём»
Фотасесія праходзіла ў гасцявой распранальні стадыёна «Камп Ноў». Сям'я Ламіна Ямаля трапіла туды дзякуючы выйгрышу ў конкурсе.
Фота Жаан Манфорт
Яго бацькі — ураджэнец Марока Мунір Насраўі і ўраджэнка Экватарыяльнай Гвінеі Шэйла Эбана — пазнаёміліся ўжо ў Каталоніі, куды абедзве іх сям'і пераехалі яшчэ ў дзяцінстве.
Ламін Ямаль стаў іх першым дзіцем. Неўзабаве пасля яго нараджэння бацькі прынялі ўдзел у розыгрышы, арганізаваным каталонскай газетай Sport сумесна са спонсарам футболак «Барселоны» і міжнароднай дзіцячай арганізацыяй UNICEF.
Пераможцы атрымлівалі магчымасць зрабіць прафесійную фотасесію свайго немаўляці разам з футбалістам асноўнага складу «Барселоны».
Ламін Ямаль аказаўся сярод пераможцаў, а ў дзень фотасесіі выпадкова быў зведзены менавіта з Месі.
«Да 2024 года я нават не ведаў, што на тых фотаздымках быў Ламін, пакуль адзін з маіх сяброў не патэлефанаваў і не сказаў, што яго бацька апублікаваў іх у Instagram», — успамінае Манфорт.
«Месі — вельмі замкнёны, сціплы і сарамлівы чалавек. Ён зайшоў у распранальню, і раптам трэба было фатаграфавацца з маленькім немаўлём. Па яго твары было відаць, што ён проста не ведае, што рабіць.
Для маладога хлопца гэта было няпроста. Але Ламін быў вельмі вясёлым і ўсмешлівым дзіцем. Яго маці Шэйла дапамагала нам. Яна сама была яшчэ вельмі маладой, сям'я жыла вельмі сціпла, але з імі было вельмі прыемна працаваць.
Месі заўсёды паводзіў сябе прафесійна ў такіх сітуацыях і вельмі хутка адаптаваўся».
«Я ніколі не змагу адплаціць сваім бацькам»
Да свайго 19‑годдзя Месі забіў 11 галоў на прафесійным узроўні і па адным разе выйграў чэмпіянат Іспаніі і Лігу чэмпіёнаў УЕФА.
Ламін Ямаль, якому ў панядзелак споўнілася 19 гадоў, ужо забіў 56 галоў, тройчы стаў чэмпіёнам Іспаніі, выйграў Кубак Іспаніі, а таксама стаў чэмпіёнам Еўропы ў складзе нацыянальнай зборнай.
Ямаль — гэта не прозвішча футбаліста, а другая частка яго імя.
Яго поўнае імя — Ламін Ямаль Насраўі Эбана. Менавіта «Ламін Ямаль» напісана на яго футболках у «Барселоне» і зборнай Іспаніі — у знак удзячнасці двум людзям, якія дапамаглі яго сям'і ў цяжкі перыяд пасля яго нараджэння.
Іспанскія СМІ паведамлялі, што бацька паабяцаў назваць сына ў гонар двух сяброў, якія фінансава падтрымалі сям'ю, калі ёй было цяжка аплачваць рахункі.
Імя Ламін шырока распаўсюджана ў арабскай мове і можа азначаць «сумленны» або «надзейны». Ямаль — адзін з варыянтаў імя Джамаль, што перакладаецца як «прыгажосць» або «элегантнасць».
Будучы футбаліст вырас у рабочым раёне Ракафонда ў горадзе Матаро, за 30 кіламетраў на поўнач ад Барселоны.
Фота Жаан Манфорт
Гэты раён быў пабудаваны ў 1960‑х гадах для перасяленцаў з іншых рэгіёнаў Іспаніі. Калі яны пачалі пераязджаць у больш заможныя кварталы, у 1990‑я гады сюды масава сталі прыязджаць мігранты з іншых краін.
Пасля некаторых сваіх галоў Ламін Ямаль паказваў пальцамі жэст «3-0-4» — гэта паштовы індэкс Ракафонды.
«Тое, што зрабілі мая мама і мой тата, я не змог бы зрабіць ні для каго, акрамя ўласнага дзіцяці, — сказаў Ямаль у інтэрв'ю El País падчас турніру. — Калі ў цябе няма грошай, вельмі цяжка дапамагчы дзіцяці займацца футболам. Але мае бацькі змаглі зрабіць так, каб усё атрымалася. І я ніколі не змагу ім за гэта адплаціць».
«Маё сэрца разрываецца на дзве часткі»
Для Жаана Манфорта, каталонца і заўзятара «Барселоны», сустрэча Месі і Ламіна Ямаля на футбольным полі — ідэальнае завяршэнне гісторыі, якая пачалася амаль два дзесяцігоддзі таму.
«Думаю, мы завяршаем цыкл іх гісторыі, — кажа 58‑гадовы Манфорт. — Гэта шчаслівы фінал.
Я заўзятар «Барселоны», і, на мой погляд, для Месі было б ідэальна завяршыць кар'еру, другі раз выйграўшы чэмпіянат свету. Лічу, што ён гэтага заслугоўвае.
А ў Ламіна яшчэ будзе шмат часу, каб выйграць такія трафеі, як чэмпіянат свету. Але цяпер і зборная Іспаніі, і сам Ламін знаходзяцца на ўздыме, таму, калі ён пераможа ўжо цяпер, гэты тытул будзе каштаваць нават больш, чым усе яго папярэднія дасягненні. Мне вельмі цяжка. Маё сэрца разрываецца на дзве часткі», — сказаў ён.
Чытайце таксама:
Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы
Матч паміж Англіяй і Аргенцінай прывёў да палітычнага скандалу з-за Фалклендскіх астравоў
Перапынак у фінале чэмпіянату свету будзе доўжыцца 30 хвілін