БЕЛ Ł РУС

Фестываль Tutaka пачаўся на польска-беларускім памежжы

17.07.2026 / 08:39

Nashaniva.com

Ужо традыцыйны фестываль Tutaka праходзіць цягам чатырох дзён — з 16 па 19 ліпеня — ва ўрочышчы Борык на Падляшшы ў Польшчы. Праходзіць ён шосты раз, піша Радыё Свабода.

16 ліпеня на фестываль пачалі прыязджаць першыя ўдзельнікі.

Асноўная праграма стартуе ў пятніцу, 17 ліпеня. Упершыню сёлета ўваход на фестываль стаў платным: калі ў папярэднія гады ён быў бясплатны, цяпер квіток для дарослага каштуе 150 злотых (каля 35 еўра).

На сцэне выступіць беларускамоўны рок-гурт RIMA з падляскага Гарадка, які летась вярнуўся пасля 13‑гадовага перапынку.

Таксама ўдзел у музычнай праграме возьмуць рэпер Vinsent, Анастасія Рыдлеўская, гурты Dzieciuki, B:N:, «Бяз назвы» і «Разбітае сэрца пацана».

У праграме — нефармальныя сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, Паўлам Севярынцам, Максімам Знакам і музыкамі фестывалю. Таксама пакажуць фільм «Пад шэрым небам» рэжысёркі Мары Тамковіч, натхнёны гісторыяй палітвязняў — журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша.

Для аматараў хэндмэйду арганізуюць майстар-класы па вырабе традыцыйнай лялькі-жаданіцы і саламяных конікаў, а таксама роспісе шопераў і драўляных закладак. Музыка Вольга Барышнікава правядзе майстар-клас па беларускіх прыпеўках.

Псіхатэрапеўтка Ганна Матуляк правядзе размову пра страту, траўму і аднаўленне, а праваслаўны святар Аляксандр Кухта — пра месца Беларусі ў праваслаўным свеце і сувязь рэлігіі з палітыкай.

Жадаючыя змогуць прысутнічаць на адкрытым запісе падкаста «Каласы пад сярпом ШІ».

Філосаф Уладзімір Мацкевіч раскажа пра метадалагічную гульню, якая гэтай вясной сабрала прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл і палітычных структур. Кацярына Ваданосава прадставіць лекцыю пра моду часоў Кастуся Каліноўскага, а клуб гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863 прадэманструе муштру касінераў.

Беларускія выдаўцы абмяркуюць, як кнігавыданне выжывае пасля 2020 года. Пры гэтым сёлета, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, на фестывальным кірмашы не будзе кніжных намётаў.

Таксама на Tutaka адбудзецца другі футбольны турнір памяці мастака Алеся Пушкіна.

Гэта толькі частка запланаваных мерапрыемстваў фестывалю.

Поўную праграму можна паглядзець тут.

Арганізатарам Tutaka з'яўляецца аднайменная фундацыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула