БЕЛ Ł РУС

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі

17.07.2026 / 11:00

Nashaniva.com

Беларусь апынулася там, дзе абмяркоўваюць будучыню бяспекі свету. 

Святлана Ціханоўская падчас панэльнай дыскусіі на форуме па бяспецы ў амерыканскім Аспене. Фота: прэс-служба Ціханоўскай

Яшчэ некалькі гадоў таму Беларусь на міжнародных канферэнцыях найчасцей згадвалі ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі, правамі чалавека і палітвязнямі. Але пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны акцэнты паступова змяняюцца. Пра Беларусь усё часцей гавораць як пра адзін з фактараў еўрапейскай бяспекі. Менавіта з такім пасылам Святлана Ціханоўская выступіла на Aspen Security Forum — адной з найбольш аўтарытэтных амерыканскіх пляцовак, дзе абмяркоўваюць нацыянальную бяспеку, міжнародную палітыку і галоўныя глабальныя выклікі.

На Aspen Security Forum з 2010 года збіраюцца дзеючыя і былыя кіраўнікі спецслужбаў, міністры абароны і замежных спраў, генералы, кангрэсмены, прадстаўнікі НАТА, Еўрасаюза, аналітычных цэнтраў і вядучых сусветных медыя. Менавіта на гэтай пляцоўцы часта агучваюцца новыя падыходы Вашынгтона і яго саюзнікаў да ключавых міжнародных крызісаў. Таму з'яўленне Беларусі ў парадку дня такой дыскусіі само па сабе паказальны сігнал.

Як расказаў «Нашай Ніве» дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатыі і дырэктар Віленскага офіса Дзяніс Кучынскі, гэта сведчыць пра важную змену ў тым, як заходнія партнёры сёння ўспрымаюць беларускае пытанне.

«Гэта быў першы раз, калі Святлана Ціханоўская выступіла на Аспенскім форуме па бяспецы. Гэта вельмі важна і для Беларусі, бо беларускае пытанне ўсё больш успрымаецца не толькі як гуманітарнае, але і як пытанне бяспекі», — кажа Кучынскі. 

Дзяніс Кучынскі. Фота: «Наша Ніва»

Беларусь як элемент бяспекі Усходняй Еўропы

У панэльнай дыскусіі разам са Святланай Ціханоўскай удзельнічалі генеральная сакратарка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Белен Марцінес Карбанэль, міністр абароны і знешняга гандлю Бельгіі Тэа Франкен і міністр юстыцыі і бяспекі Нідэрландаў Давід ван Вээл.

Асноўны пасыл яе выступу заключаўся ў тым, што бяспека Еўропы непасрэдна залежыць ад таго, што адбываецца ў Беларусі:

«Мы павінны ўжо цяпер глядзець на Беларусь па-іншаму. Успрымаць Беларусь не толькі як гуманітарны выпадак, але і з пункту гледжання бяспекі. Бо пакуль Лукашэнка служыць Расіі, ён гатовы прадастаўляць нашу тэрыторыю і нашу інфраструктуру для нападаў на Украіну і патэнцыйна — на краіны НАТА».

«Рэвалюцыя, з майго пункту гледжання, была ў тым, што дэмакратычны свет нарэшце ўсвядоміў: стабільнасць немагчыма купіць саступкамі дыктатарам. Гэта ніколі не працуе. Дыктатараў немагчыма ўлагодзіць. Дыктатараў немагчыма перавыхаваць. З дыктатарамі можна толькі змагацца — і Украіна паказала гэта вельмі выразна. Гэта, безумоўна, святло ў канцы тунэля — калі мы захаваем адзінства, калі будзем працягваць дапамагаць Украіне і іншым краінам, якія змагаюцца за сваю незалежнасць», — сказала падчас дыскусіі Святлана Ціханоўская.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Паводле яе, рэжым працягвае будаваць новую ваенную інфраструктуру, якая сведчыць пра падрыхтоўку да магчымай эскалацыі:

«Яны будуюць новую інфраструктуру, якой не павінна быць, калі краіна не рыхтуецца да эскалацыі. Калі мы не пазбавімся гэтага рэжыму, пагроза з тэрыторыі Беларусі будзе заставацца пастаяннай. Дэмакратычная і свабодная Беларусь — у інтарэсах не толькі беларусаў ці ўкраінцаў, але і еўрапейцаў».

Па словах Дзяніса Кучынскага, менавіта гэта сёння ўсё лепш разумеюць і заходнія партнёры:

«Падчас форуму Святлана падкрэсліла, што пакуль рэжым Лукашэнкі застаецца інструментам Крамля, пагроза з тэрыторыі Беларусі будзе захоўвацца. Таму дэмакратычная Беларусь — гэта пытанне бяспекі ўсёй Еўропы».

«Калі ўдзельнікі ўбачылі Сяргея, яму апладзіравалі»

Асобным сімвалічным момантам форуму стала прысутнасць Сяргея Ціханоўскага.

Падчас свайго выступу Святлана згадала мужа, які знаходзіўся ў зале.

«Калі ўдзельнікі ўбачылі, што Сяргей знаходзіцца ў зале, яму апладзіравалі. Гэта быў вельмі кранальны момант. Многія міжнародныя партнёры ў ЗША ўпершыню пасля яго вызвалення ўбачылі Святлану і Сяргея разам», — расказвае Кучынскі.

Паводле яго, падчас форуму Сяргей Ціханоўскі амаль увесь час знаходзіўся разам са Святланай:

«Практычна ўвесь час, амаль кожную хвіліну, Сяргей быў разам са Святланай, падтрымліваў яе. Было вельмі прыемна бачыць іх побач».

Ён кажа, што за апошнія тыдні Сяргей прыкметна адаптаваўся да жыцця пасля вызвалення:

«Што да яго асабіста, то ён крок за крокам вяртаецца да нармальнага жыцця. Мае шмат ідэй і планаў у розных галінах. Відаць, што ён выкарыстоўвае час пасля вызвалення і для самаразвіцця — напрыклад, падцягнуў англійскую мову. Ён малайчына ў гэтым сэнсе, вельмі моцны і нязломны чалавек».

Кучынскі адзначае, што, нягледзячы на больш чым пяць гадоў за кратамі, Ціханоўскі не страціў сваёй энергіі:

«Ён, як заўсёды, быў у бадзёрым настроі. Як ні круці, Сяргей Ціханоўскі застаецца адным з галоўных сімвалаў і героем беларускага 2020 года. Я стаўлюся да яго з павагай. Мы абмеркавалі некалькі ідэй — дзесьці пагадзіліся, дзесьці паспрачаліся. Гэта абсалютна нармальна і, на маю думку, нават карысна».

Дзяніс Кучынскі і Сяргей Ціханоўскі на ранішняй прабежцы каля Капітолія ў Вашынгтоне. Фота: фэйсбук Дзяніса Кучынскага

На палях форуму дзякавалі ЗША за вызваленне палітвязняў

Aspen Security Forum стаў для беларускай дэлегацыі яшчэ і пляцоўкай для шэрагу сустрэч.

Паводле Кучынскага, Святлана і Сяргей Ціханоўскія сустрэліся з былой дзяржсакратаркай ЗША Кандалізай Райс, былым намеснікам дзяржсакратара ЗША Стывам Біганам, журналістам CNN Джымам Шута і іншымі амерыканскімі палітыкамі, экспертамі і прадстаўнікамі медыя.

«Гэта таксама была добрая магчымасць яшчэ раз падзякаваць прэзідэнту Дональду Трампу і спецыяльнаму прэзідэнцкаму пасланніку Джону Коўлу за іх намаганні, якія дапамаглі вызваленню беларускіх палітвязняў», — падкрэсліў Дзяніс Кучынскі. 

Фота з фэйсбука Ганны Красулінай

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула