Каб выправіць прыкус, беларуска рашылася на распілоўванне сківіцы — і не пашкадавала. Але вынесці такую аперацыю зможа не кожны
За тым, як Вікторыя рухаецца да сваёй мары — выпраўлення прыкусу — сачылі 18 тысяч яе падпісантаў. Дзяўчыне ў літаральным сэнсе слова распілавалі і перакроілі сківіцу.
Нягледзячы на тое, што аперацыя адбылася ўсяго месяц таму і блогерка яшчэ знаходзіцца ў працэсе цяжкай рэабілітацыі, ужо можна ацаніць, як неверагодна змяніўся яе твар і наколькі стала прасцей дыхаць.
З дзяцінства ў Вікторыі глыбокі дыстальны прыкус — яе падбароддзе заўсёды было падціснутым, а верхняя сківіца моцна выступала наперад. Гэта не толькі адбівалася на знешнім выглядзе. Няправільны прыкус крытычна звузіў дыхальныя шляхі, што прыводзіла да задышкі нават падчас хадзьбы, а ноччу правакавала храп. Уплывае такая асаблівасць і на постаць — калі шыю заўсёды цягне наперад, цела імкнецца гэта кампенсаваць. Як наступствы — сталыя спазмы і болі.
Да таго ж, пастаянны недахоп кіслароду ў арганізме робіць імунітэт слабейшым і можа скараціць жыццё чалавека праз рана запушчаныя працэсы старэння.
Але і гэта яшчэ не ўсё: самі зубы ў няправільным палажэнні хутка сціраюцца.
«Праз моцную азызласць мяне часам называлі алкашкай, думаючы, што я п’ю па-чорнаму», — прызнаецца Вікторыя. «З падлеткавага ўзросту ў мяне ўжо сфармаваліся насагубныя зморшчыны, ацёкі, другі падбародак, а таксама сам «птушыны профіль». Менавіта таму незнаёмцы думалі, што я на гадоў 5‑10 старэйшая. Калі б не аперацыя, у 35 гадоў у мяне б ужо маглі быць брылі».
На фота Вікторыі 15 гадоў, але, па словах дзяўчыны, праз няправільны прыкус ёй увесь час давалі больш, чым было на самой справе. Сёння беларусцы 26
Беларуска ў мінулым спрабавала насіць брэкеты, але яны не прынеслі ніякага эфекту, бо імі костку не вырасціш і не адкроіш. Да таго ж, рэтэйнеры, якія павінны былі ўтрымліваць зубы ў карэктным палажэнні, у сітуацыі Вікі проста лопаліся.
Але перад аперацыяй дзяўчыне ўсё роўна прыйшлося аднасіць элайнеры, каб падраўняць зубны шэраг. Дадаткова яна наведвала фізіятэрапеўта, які дапамагаў аднавіць цяглічны тонус і зняць са сківіцы напружанне. Элайнеры абышліся Вікторыі ў пяць тысяч даляраў.
У дзень Х хірургі распілавалі дзяўчыне сківіцу — верхнюю пры гэтым высунулі наперад на чатыры міліметры, а ніжнюю ажно на 19. Дадаткова ёй рабілі геніяпластыку — хірургічную аперацыю па змене формы і памеру падбародка.
Працэдура цягнулася пад наркозам чатыры гадзіны. Пасля яе пацыентцы мінімум два месяцы нельга займацца фізічнымі актыўнасцямі і ўжываць любую ежу, якую трэба жаваць — усе прадукты варта блендарыць. Далей мінімум яшчэ на чатыры месяцы варта адмовіцца ад цвёрдай ежы.
Адразу пасля аперацыі
У хірургічным умяшанні ў сківіцу ёсць і свае пабочкі. Так, пасля аперацыі прападае адчувальнасць падбародка і ніжняй губы. Звычайна цягам года яна аднаўляецца, але ў некаторых людзей не да канца — толькі на 50-70%. Бываюць выпадкі, калі чуллівасць не вяртаецца зусім.
Беларуска жыве ў Польшчы, і такая аперацыя тут каштуе каля 9 тысяч даляраў. Але пры наяўнасці дзяржаўнай страхоўкі ўсё адбываецца бясплатна, бо гэта пытанне здароўя, а не выключна эстэтыкі. Праўда, сама падрыхтоўка да працэдуры і рэабілітацыя аплачваюцца з кішэні пацыентаў.
Таму, напрыклад, за дыягностыку і імітацыю аперацыі на камп’ютары ў 3D, каб усё пралічыць, Вікторыя аддала дадатковыя дзве тысячы даляраў.
Ужо праз месяц пасля дня Х Вікторыя выглядае зусім інакш — у яе цалкам змяніўся авал твару, яна стала вальней дыхаць і перастала храпці. Нават нос цяпер выглядае інакш. Фінальны вынік стане даступны недзе праз год, але ўжо сёння Вікторыя не хавае радасці ад перамен, пры тым што шлях да іх быў вельмі складаным і доўгім.