Самае прыгожае слова ў свеце — з Новай Зеландыі. Што яно азначае?
Яго цяжка вымавіць, яшчэ радзей можна пачуць.
Прадстаўніца народа маары. Фота: Joshua A. Bickel / AP
І ўсё ж спецыяльнае міжнароднае журы прызнала самым прыгожым словам у свеце «кайціякітанга» (kaitiakitanga). За гэтым словам хаваецца паняцце, для якога ў славянскіх мовах няма дакладнага адпаведніка, піша Bild.
Гэтае слова паходзіць з мовы маары — карэннага народа Новай Зеландыі. Яно азначае адказнасць чалавека перад прыродай, яго прызванне абараняць і захоўваць яе для будучых пакаленняў.
Пры гэтым маецца на ўвазе значна больш, чым проста ахова навакольнага асяроддзя: паводле светапогляду маары, чалавек — не ўладальнік прыроды, а яе частка і яе захавальнік.
Званне самага прыгожага слова ў свеце прысудзілі ўпершыню.
Гэта зрабіла платформа для вывучэння моў Babbel. Каб выбраць пераможцу, яе каманда прааналізавала дыскусіі ў сацыяльных сетках і на моўных форумах. Міжнароднае журы з лінгвістаў і экспертаў у галіне культуры вызначыла пераможцу.
За гэтае званне спаборнічалі 223 словы з больш як 75 моў. Ацэньваліся не толькі гучанне і вымаўленне, але і значэнне паняцця, яго культурная ўнікальнасць і актуальнасць для людзей ва ўсім свеце.
Фіналісты — словы з партугальскай, японскай і іншых моў
Сярод іншых фіналістаў былі партугальскае «Saudade» — глыбокая туга (такая сумная песня ёсць у Сэзарыі Эвары), японскае «Ikigai» — сэнс жыцця, валійскае «Hiraeth» — туга па страчанай радзіме, слова «Ubuntu» з мовы зулу, якое азначае чалавечнасць і еднасць, а таксама «Luftmensch» з ідышу. Так называюць летуценнага, ідэалістычнага чалавека, якога мала цікавяць матэрыяльныя рэчы і які жыве хутчэй у свеце ідэй.