БЕЛ Ł РУС

На беларускага праваабаронцу ў Грузіі Рамана Кісляка склалі пратакол за нелегальнае знаходжанне ў краіне

17.07.2026 / 13:35

Nashaniva.com

Паліцыя прыйшла да яго ў кватэру ў Тбілісі.

Супрацоўнікі Памежнай паліцыі МУС Грузіі 16 ліпеня прыйшлі дахаты да беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка, які жыве ў Тбілісі, і склалі пратакол за нелегальнае знаходжанне ў краіне, піша «Позірк».

Як паведаміў «Позірку» Кісляк, паліцыя шукала людзей, якія нелегальна знаходзяцца на тэрыторыі краіны: «Сказалі: мы зараз праверым. Калі загадаюць вас даставіць, мы надзенем на вас кайданкі і адвязем у Дэпартамент міграцыі [МУС]. Яны былі ўзброеныя, з пісталетамі. Патэлефанавалі ў дэпартамент і вырашылі, каб я сам з’явіўся 21 ліпеня».

Тэрмін дзеяння беларускага пашпарта Кісляка скончыўся ў лютым 2024 года, яго немагчыма памяняць у амбасадзе Беларусі. Часовае пасведчанне асобы ад мясцовых уладаў таксама састарэла, новае праваабаронцу не далі, але ў дачыненні да яго дзейнічаюць часовыя меры бяспекі паводле рашэння Камітэта ААН па правах чалавека, які разглядае яго скаргу на адмову грузінскіх уладаў у прытулку.

Паводле слоў праваабаронцы, пасля візіту Памежнай паліцыі ён накіраваў скаргу на дзеянні Дэпартамента міграцыі, бо лічыць, што той шмат месяцаў, з кастрычніка 2025 года, ігнаруе ягоныя звароты наконт легалізацыі.

21 ліпеня ён плануе наведаць дэпартамент, але не выключае свайго затрымання там: «Думаю, рызыка заўсёды ёсць, але, спадзяюся, яна мінімальная, бо ў мяне ёсць часовыя меры абароны Камітэта ААН па правах чалавека».

Сёлета ў сакавіку улады Грузіі паўторна дэ-факта адмовілі Кісляку ў прытулку. Тады ён паведаміў «Позірку», што не мае ніякага статусу: ні просьбіта прытулку, ні «ў працэдуры дэпартацыі».

«У мяне заблакаваныя банкаўскія карты. Я не магу пайсці ў турму наведаць беларусаў. Мне перашкаджалі ўжо, бо я не маю дзейнага дакумента», — апісваў сваю сітуацыю праваабаронца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула