БЕЛ Ł РУС

Эль-Ніньё пакідае свет без хамсы. Чаму ж тады даражэйшымі могуць стаць ласось і крэветкі?

21.07.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Эксперты маюць кепскія навіны для аматараў рыбы. І без таго высокія цэны на яе будуць расці далей. Прычынай усяго стала маленечкая рыбка, якой пачынае востра не хапаць на сусветным рынку. З падрабязнасцямі знаёміць Bloomberg.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Marco Guidi / Vecteezy

Адным з самых дэфіцытных тавараў на сусветным рынку нечакана стаў анчоус, які нам больш вядомы пад назвай «хамса». Прычына не ў росце попыту, а ў рэзкім падзенні прапановы. За год сусветная вытворчасць рыбнай мукі, асноўным кампанентам якой з'яўляецца перуанскі анчоус (Engraulis ringens) — паўднёваамерыканскі від гэтай рыбы, — скарацілася на 30-40%, а яе кошт вырас прыкладна на 80%, дасягнуўшы гістарычнага максімуму.

Хоць анчоус рыбка непрыкметная, ён займае важнае месца ў сусветнай харчовай сістэме. Менавіта з яго вырабляюць рыбную муку, якая выкарыстоўваецца для вырошчвання ласося, марскога акуня, крэветак, вустрыц і іншых відаў рыбы і морапрадуктаў, што вырошчваюцца ў аквакультуры.

Перу — найбольшы вытворца рыбнай мукі ў свеце. Каля пятай часткі яе сусветнага выпуску вырабляецца з мясцовага анчоуса. Разам з Эквадорам і Чылі гэтыя краіны забяспечваюць амаль траціну сусветнай вытворчасці.

Паўднёваамерыканскі анчоус мае адносна кароткі жыццёвы цыкл, таму яго колькасць можа прыкметна мяняцца з года ў год у залежнасці ад прыродных умоў. Найбольшы ўплыў аказвае кліматычная з'ява Эль-Ніньё, калі воды Ціхага акіяна каля экватара становяцца цяплейшымі. Гэта аслабляе ўздым багатых пажыўнымі рэчывамі халодных вод, ад якіх залежыць харчовая база рыбы, і ў выніку запасы анчоуса скарачаюцца.

Эль-Ніньё звычайна паўтараецца кожныя тры-пяць гадоў і кожны раз негатыўна ўплывае на вытворчасць рыбнай мукі. Паводле прагнозаў метэаролагаў, Эль-Ніньё ў 2026 годзе можа стаць адным з наймацнейшых за апошнія дзесяцігоддзі, што ўжо прывяло да рэзкага скарачэння ўлову анчоуса.

У маі ўлады Перу спачатку ўвялі часовую забарону на промысел анчоуса, а затым фактычна прыпынілі яго на нявызначаны тэрмін, каб захаваць папуляцыю рыбы.

Забарона прывяла да рэзкага скарачэння сусветнай вытворчасці рыбнай мукі, попыт на якую застаецца высокім. Да канца чэрвеня яе аптовы кошт наблізіўся да рэкордных $3000 за тону.

Узаемазвязанасць сусветных рынкаў

Падобная сітуацыя ўжо ўзнікала падчас моцнага Эль-Ніньё ў 1997‑1998 гадах. Але тады наступствы былі больш абмежаванымі: аквакультура забяспечвала менш за чвэрць сусветнай вытворчасці рыбы. Сёння ж на рыбных фермах вырошчваюць ужо больш за палову ўсёй рыбы і морапрадуктаў у свеце. Адначасова павялічылася і сярэдняе спажыванне рыбы — з 14,3 кілаграма на чалавека за год у 1990‑х да 21,3 кілаграма цяпер, паводле даных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН. І насельніцтва ж Зямлі за гэты час вырасла. У 1997 годзе яно складала прыкладна 5,88 мільярда чалавек. Цяпер, у 2026 годзе, яно дасягнула прыкладна 8,29 мільярда чалавек.

Метэаролагі прагназуюць, што цяперашні Эль-Ніньё можа стаць адным з наймацнейшых за апошнія дзесяцігоддзі. Звычайна гэтая кліматычная з'ява дасягае найбольшай сілы пры канцы года, таму сітуацыя можа яшчэ пагоршаць, а абмежаванні на промысел анчоуса і высокія цэны на рыбную муку захавацца яшчэ некалькі месяцаў.

Вытворцы пакуль спрабуюць стрымаць рост цэнаў, бяручы частку выдаткаў на сябе, але аналітыкі папярэджваюць: ціск расце. Найбольш адчувальным падаражанне, імаверна, стане вышэй па харчовым ланцужку — для купцоў ласося, крэветак і іншых морапрадуктаў. Калі дэфіцыт захаваецца, у кампаній не застанецца выбару, акрамя як перанесці рост выдаткаў на рытэйлераў.

Прадстаўнікі галіны пакуль не называюць магчымы маштаб падаражання. Аднак, як адзначае Bloomberg, рост цэн на 20-25% выглядае цалкам магчымым.

Гісторыя з перуанскім анчоусам яшчэ раз паказвае, наколькі цесна звязаныя сучасныя харчовыя рынкі цяпер. Кліматычная з'ява каля ўзбярэжжа Перу можа ўжо праз некалькі месяцаў прывесці да росту цэн на рыбу і морапрадукты ў супермаркетах Еўропы і іншых рэгіёнаў свету.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула