Каля 15% беларускіх пар цярпяць ад бясплоддзя
У Беларусі праблема бясплоддзя закранае прыкладна 14—16 % сямейных пар. Загадчыца лабараторыі рэпрадуктыўнага здароўя ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця» Міністэрства аховы здароўя Таццяна Вашчыліна адзначае, што колькасць такіх выпадкаў паступова павялічваецца не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце, піша БелТА.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Заря»
Дактары рэкамендуюць не адкладваць абследаванне: калі на працягу года пры планаванні цяжарнасці яна не надыходзіць, неабходна звярнуцца да спецыялістаў. Найбольш распаўсюджанымі прычынамі бясплоддзя лічацца гінекалагічныя захворванні, перанесеныя інфекцыі, гарманальныя парушэнні, эндаметрыёз, спаечныя працэсы, а таксама пагаршэнне якасці спермы ў мужчын.
Для падтрымкі такіх сем'яў у Беларусі дзейнічаюць дзяржаўныя праграмы. Лячэнне ўключае як традыцыйныя медыцынскія метады, так і дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі, у тым ліку экстракарпаральнае апладненне (ЭКА). Дзяржава аплачвае дзве бясплатныя спробы ЭКА. Скарыстацца гэтай магчымасцю могуць як жанчыны, якія знаходзяцца ў шлюбе, так і тыя, хто не мае мужа.
Нядаўна ўрад зацвердзіў новы парадак прадастаўлення бясплатных спроб ЭКА. Цяпер не трэба звяртацца ў рэгіянальныя камісіі для атрымання права на ўдзел у праграме. Акрамя таго, вызначаны асаблівасці правядзення другой бясплатнай спробы пры наяўнасці замарожаных эмбрыёнаў, а ўсе бясплатныя праграмы будуць праводзіцца на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця».
Чытайце таксама:
Навукоўцы: жанчыны дасягаюць «крытычнай кропкі» фертыльнасці прыкладна ў 49 гадоў
Сусветны крызіс фертыльнасці: 54 мільёны жанчын не могуць зацяжараць
Ганарэя і сіфіліс у Еўропе дасягнулі рэкорднага ўзроўню
Беларускія навукоўцы з Гомеля распрацавалі біядабаўку для лячэння мужчынскага бясплоддзя