БЕЛ Ł РУС

На наступны тыдзень прагназуюць пахаладанне і дажджы

18.07.2026 / 18:16

Nashaniva.com

На тыдні з 20 да 26 ліпеня ў Беларусі чакаецца змена надвор'я. Пасля перыяду спёкі тэмпература паветра панізіцца, а ў краіну паступяць вільготныя паветраныя масы з Балтыкі. Пра гэта паведаміў у эфіры тэлеканала АНТ сіноптык Дзмітрый Рабаў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Па словах Дзмітрыя Рабава, тэмпература на працягу тыдня будзе ніжэйшая за кліматычную норму. Чакаюцца частыя дажджы, навальніцы і парывісты вецер. Агулам другая палова ліпеня будзе прахалоднай і няўстойлівай.

У панядзелак, 20 ліпеня, надвор'е будзе вызначаць атлантычны цыклон. У большасці раёнаў прагназуюцца дажджы, месцамі навальніцы. Уначы паветра астыне да +13…+18 градусаў, удзень чакаецца ад +19 на захадзе краіны да +25 на Гомельшчыне.

У аўторак, 21 ліпеня, захаваецца ўплыў атмасферных франтоў. Амаль па ўсёй краіне магчымыя ападкі і навальніцы. Тэмпература ўначы складзе +13…+18 градусаў, а ўдзень — ад +15 да +22.

У сераду, 22 ліпеня, дажджлівае надвор'е працягнецца. Уначы і раніцай магчымыя туманы, вільготнасць паветра будзе вельмі высокай. Тэмпература ўначы панізіцца да +9…+15 градусаў, удзень — да +13…+19.

У другой палове тыдня надвор'е пачне вызначаць вобласць падвышанага атмасфернага ціску. У чацвер, 23 ліпеня, дажджы стануць лакальнымі, але павышаная вільготнасць захаваецца. Уначы чакаецца +9…+14 градусаў, удзень — ад +12 на поўначы да +21 на паўднёвым захадзе краіны.

У пятніцу, 24 ліпеня, месцамі магчымыя кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Уначы тэмпература складзе +13…+17 градусаў, удзень — ад +17 да +23.

У выхадныя ў Беларусь паступіць вільготнае паветра з Балтыйскага мора. У суботу, 25 ліпеня, чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Уначы будзе +10…+15 градусаў, удзень — ад +19 да +25.

У нядзелю, 26 ліпеня, у большасці раёнаў прагназуюцца дажджы. Уначы і раніцай магчымыя туманы. Тэмпература паветра складзе ад +12 градусаў уначы да +15…+25 удзень у залежнасці ад рэгіёна.

Чытайце таксама:

На суботу абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за спёкі і залеваў 

У Беларусі ўжо +30°С

Дзікія коні ў Валожынскім раёне хаваюцца ад спёкі на аўтобусным прыпынку ВІДЭА

Каментары да артыкула