На Гомельшчыне знайшлі парэшткі ўкраінскіх салдат, якія загінулі ў 1941 годзе
Удзельнікі абласнога грамадскага пошукавага аб'яднання «Ніколі не забудзем» на Мар'інскіх вышынях у Добрушскім раёне знайшлі парэшткі некалькіх байцоў. Дапамог набыты здымак нямецкай аэрафотаздымкі гэтай мясцовасці, піша «Флагшток».
Фота: «Добрушскі край»
Налажыўшы старое фота на сучасны спадарожнікавы здымак, з дапамогай адмысловай камп'ютарнай праграмы ўдалося вызначыць месцы варонак ад авіябомбаў і артылерыйскіх снарадаў. Пры іх адпрацоўцы і былі зроблены знаходкі, паведаміла раённая газета «Добрушскі край».
Першымі трапіліся стрэляныя гільзы, элементы армейскай амуніцыі. На глыбіні 50—60 сантыметраў паказаліся парэшткі байца, побач знайшоўся пенал смяротнага медальёна.
Затым знайшлі парэшткі іншых байцоў і яшчэ адзін медальён. Гэта небывалая ўдача, адзначылі пошукавікі, паколькі салдаты загінулі ў першы год вайны, калі запаўняць лісткі медальёна і насіць яго з сабой лічылася дрэннай прыкметай.
Знаходкі перадалі 52‑му асобнаму спецыялізаванаму пошукаваму батальёну. Там пакуль ідэнтыфікавалі дваіх салдат: Канстанцін Цімафеевіч Радзаноўскі, 1921 года нараджэння, горад Корап Чарнігаўскай вобласці, вуліца Берагавая, дом 33. Другі баец аказаўся выхадцам з Палтаўскай вобласці Украінскай ССР з вёскі Вялікая Паўлаўка: Мікалай Іванавіч Кішкар, 1921 года нараджэння, у спісах страт значыцца зніклым без вестак.
Праца над ідэнтыфікацыяй парэшткаў трэцяга салдата яшчэ не завершана. Гэтую інфармацыю пацвердзіў пошукавік Аляксандр Снітко і апублікаваў на сваёй старонцы фота дакументаў загінулых, чые асобы вызначаны.
Фота: старонка Аляксандра Снітко
Фота: старонка Аляксандра Снітко