На Браслаўскіх азёрах пабудуюць модны рэтрыт-цэнтр ФОТЫ
На Браслаўскіх азёрах плануюць пабудаваць буйны рэтрыт-цэнтр White Lotus («Белы лотас») — на тэрыторыі былой псіхіятрычнай бальніцы «Слабодка» ў аднайменным аграгарадку, расказвае «Анлайнер».
Фота тут і далей: «Анлайнер»
Участак плошчай 12 гектараў заціснуты паміж трыма азёрамі, сам комплекс паўстане на беразе возера Ільмёнак у лесе, побач — Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». Будынкі бальніцы (пабудовы 1950— 70‑х гадоў, каля 20 карпусоў, амаль 10 000 м²) некалькі гадоў таму сышлі з аўкцыёну за 231 000 рублёў адзінаму ўдзельніку — кампаніі «Рыўера Сеньёрэн Рэзідэнц».
Праект рэтрыт-цэнтра робіць бюро Pototskaya Architects. Поўнага руйнавання вырашылі пазбегнуць: аварыйныя будынкі дэмантуюць, тыя, што захаваліся, — рэканструююць. На месцы галоўнага корпуса пабудуюць новы грамадскі будынак — кампазіцыйны цэнтр комплексу са спа, басейнам і рэстаранам здаровага харчавання.
Так будынкі выглядалі зімой
Архітэктура — стрыманая, мінімалістычная, у шэрых танах, з клінкернай цэглай, дрэвам і панарамным зашкленнем, каб спалучацца з прыродай.
Першымі пабудуюць 20 модульных дамкоў на двух гасцей у стылі джапандзі (сумесь японскага мінімалізму і скандынаўскай утульнасці) — без кухняў (харчаванне ўваходзіць у праграму дэтоксу), з панарамным акном у душавой і рассоўнымі шклянымі перагародкамі да тэрасы. Усяго комплекс разлічаны на 160 гасцей.
Рэльеф з перападам вышынь больш за 20 м падзялілі на дзве зоны: дзікую лясную (паўднёвую, амаль некранутую) і адкрытую. Плануюць сцежкі для розных органаў пачуццяў — сад з духмянымі травамі і чайным пакоем, сэнсарную сцежку з рознымі фактурамі, а таксама вяровачны гарадок, скаладром і зоны вулічнага масажу. Цэнтр хочуць упісаць у турыстычную інфраструктуру рэгіёна (паходы, водныя маршруты, конныя прагулкі).
Канцэпцыя і дазволы гатовы, праект уключаны ў дзяржпраграму развіцця турызму і атрымаў прэмію KUKHA 2026.
Модульныя дамы (першая чарга будаўніцтва) плануюць здаць у красавіку 2027 года. А грамадскія будынкі (другая чарга) — прыкладна ў 2029 годзе.