Дзе ў Еўропе найбольш выраслі продажы жылля ў 2025 годзе
У 2025 годзе продажы жылля выраслі ў 17 з 20 еўрапейскіх краін дзякуючы зніжэнню крэдытных ставак, хоць цэны ў большасці краін працягнулі расці. Францыя перавысіла мільён здзелак, Славенія паказала найбольшы рост, піша Euronews.
Копер, Славенія. Ілюстрацыйнае фота: picryl.com
Калі глядзець у працэнтах, то лідар росту — Славенія. Там рэкордны рост продажаў (+29,9%), хоць у абсалютных лічбах здзелак мала — усяго 11 000. У Літве здзелак стала болей на 22,8%, у Аўстрыі — на 21,4%, у Бельгіі — на 20,2%.
Двухзначныя тэмпы росту былі адзначаны таксама ў Люксембургу (18,6%), Венгрыі (17,3%), Нідэрландах (13,9%), Даніі (12,7%), Францыі (11,2%) і Партугаліі (10,5%).
У Латвіі (9,2%), Фінляндыі (9%) і Нарвегіі (8,3%) павелічэнне было блізкім да 10%.
Графік: Euronews
Усяго ў трох краінах продажы жылля ўпалі — Харватыі (-4,1%), Балгарыі (-2,5%) і Польшчы (-1,1%). Для параўнання, у 2024 годзе падзенне было зафіксавана ў шасці краінах.
Калі глядзець па колькасці прададзенага жылля, то найболей у Францыі — больш за 1 млн здзелак за год. Пры гэтым цэны амаль не выраслі (+0,1% за год)
Графік: Euronews
У Нідэрландах змянілі ўладальніка 265 000 аб'ектаў жылля.
Харватыя — адзіная краіна, дзе падзенне продажаў працягваецца ўжо чацвёрты год запар, нягледзячы на агульны пад'ём у Еўропе. Пры гэтым цэны на жыллё там выраслі на 14,3%, а арэнда — на ўражальныя 39,1% (самы высокі паказчык у рэгіёне). Аналітыкі звязваюць гэта з унутранымі фактарамі рынку, а не з агульнаеўрапейскімі трэндамі.
Эксперт Мік Калмет з Global Property Guide тлумачыць рост стабілізацыяй ставак Euribor і рэалізацыяй адкладзенага попыту, які назапасіўся ў перыяд высокіх ставак. Фактары стрымлівання — дарагое будаўніцтва і слабая будаўнічая актыўнасць, якія абмяжоўваюць прапанову жылля.