У Грузіі турыстцы зламалі нос за «рускую мову», кажа яе сяброўка ВІДЭА
У паліцыі іншая версія: яны сцвярджаюць, што дзяўчаты спрабавалі сарваць вяселле.
Момант удару. Скрыншот відэа з сацсетак
Усё здарылася ў гатэлі-буціку Agarani Estate у Кахетыі, прыкладна за дзве гадзіны ад Тбілісі.
Паводле слоў Паліны Курта, уладальніцы акадэміі па афармленні броваў, якая жыве ў Расіі, канфлікт пачаўся з таго, што мужчына з суседняга нумара пачуў, як дзяўчаты на балконе размаўляюць па-руску. Ён даведаўся на рэсэпшэне нумар, дзе яны жывуць, прыйшоў да іх і пасля кароткай перапалкі ўдарыў у твар Юлію, сяброўку Паліны, якая адчыніла дзверы. На відэа мужчына адказвае на словы «ты ў маім пакоі» фразай «а ты ў маёй краіне» і згадвае «братоў».
Сама Паліна нарадзілася ва Украіне, але пасля пераехала ў Расію. У Грузію, па яе словах, яна прыляцела, каб сустрэцца са сваімі сябрамі з абедзвюх краін.
Паводле даных грузінскага МУС, канфлікт пачаўся інакш: дзяўчаты нібыта сарвалі вяселле, якое праходзіла ў гатэлі, — абражалі гасцей і аблілі вадой апаратуру з балкона. Мужчына, які напаў, — сваяк нявесты, які ў лютасці ўдарыў турыстку, зламаўшы ёй нос.
Пацярпелую Юлію шпіталізавалі, а нападніка затрымалі.
Рэйтынг гатэля Agarani Estate абваліўся да 2,6 зоркі з-за хвалі негатыўных водгукаў у Google.