БЕЛ Ł РУС

Беларусы ў Варшаве сабраліся глядзець чэмпіянат свету па-беларуску. Ціханоўская і Латушка заўзелі за Іспанію

20.07.2026 / 00:07

Амалія Вітажэнец

Каля 400 беларусаў сабраліся ў Варшаве на сумесны прагляд фіналу чэмпіянату свету. Чэргі па бургеры, беларускія каментары ад Сашы Івуліна і Яраслава Пісарэнкі, сустрэчы са знаёмымі і збор для дзяцей палітвязняў — вечар атрымаўся значна большым, чым проста футбольная трансляцыя.

Фінал чэмпіянату свету па футболе па-беларуску. Фота: «Наша Ніва»

Арганізатары падрыхтавалі для гасцей не толькі футбол. Квіток уключаў пачастунак ад Burgerlab — кукурузу і келіх піва. Ахвотных аказалася так шмат, што выстраіліся доўгія чэргі.

Беларуская бургерная Burgerlab частуе гасцей імпрэзы

Паклапаціліся і пра тых, хто прыйшоў з дзецьмі. Спартыўны клуб «Волат» арганізаваў асобную дзіцячую зону, дзе малодшыя госці маглі пагуляцца, пакуль бацькі сачылі за матчам.

Прыйшлі не толькі заўзятыя аматары футбола, але і людзі, якія проста хацелі правесці вечар у беларускай кампаніі.

Валанцёрка і былая палітзняволеная Марыя Бабовіч прызналася, што не лічыць сябе вялікай футбольнай заўзятаркай, але гэтым разам вырашыла падтрымаць зборную Іспаніі.

«Не ведаю чаму. Проста так склалася. Раней я шмат гадоў заўзела за Бельгію, а цяпер выбрала Іспанію. Мне падабаецца, што гэта маладая каманда. А Аргенціна — гэта не той футбол, які мне хацелася б бачыць у фінале», — кажа яна.

Марыя Бабовіч, валанцёрка мерапрыемства і экс-палітзняволеная

Эканамістка і беларуская актывістка Таццяна Панкова таксама прыйшла не столькі дзеля футбола.

«Я ўвогуле не вельмі разбіраюся ў футболе. Прыйшла, бо тут сабраліся нашы людзі. Калі ўжо выбіраць, то буду заўзець за Аргенціну — там хаця б ведаю прозвішча аднаго футбаліста».

Эканамістка Таццяна Панкова

Прыкладна такога ж меркавання прытрымліваецца і сузаснавальнік ініцыятывы «Мальдзіс» Павел Мацукевіч.

«Каб я яшчэ ведаў, хто сёння гуляе. Давайце буду заўзець за Аргенціну. Спадзяюся, яны перамогуць», — жартуе ён.

Павел Мацукевіч на праглядзе футболу па-беларуску. У гэты дзень у Варшаве быў дождж.

На мерапрыемства таксама завіталі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.

«Я не вельмі фанатка футбола, але буду заўзець за Іспанію, бо гэта сябры Беларусі», — сказала Святлана Ціханоўская.

Павел Латушка спачатку пажартаваў, што заўзее за Каба-Вэрдэ, а пасля падзяліўся, што на фінале чэмпіяната свету падтрымае Іспанію, дзе некалі працаваў паслом Беларусі.

Чэмпіянат свету па футболе з каментарамі па-беларуску

Пакуль гледачы чакалі пачатку матча, для іх правялі футбольны квіз. А падчас вечара Bysol збіраў ахвяраванні для дзяцей палітвязняў. Мэта кампаніі — сабраць 10 тысяч еўра, каб дапамагчы ста дзецям падрыхтавацца да новага навучальнага года. Сярод тых, хто зрабіў данат, разыгрывалі копію мяча чэмпіянату свету 2026 года з аўтографамі вядомых беларусаў.

Святлана Ціханоўская падпісвае мяч, які разыгралі ў дабрачыннай латарэі

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула