БЕЛ Ł РУС

Азіяцкі жук-забойца прайшоў праз Расію і Украіну да Еўропы. Яго ўжо выявілі ў Беларусі — пад ударам ясені

20.07.2026 / 15:16

Ідаля Салавей

Ясеневая смарагдавая златка (Agrilus planipennis), якую лічаць адным з самых небяспечных інвазійных лясных шкоднікаў у свеце, працягвае імкліва пашыраць свой арэал у Еўропе. Першы выпадак яе знаходжання быў выяўлены ў Беларусі некалькі месяцаў таму. Навукоўцы папярэджваюць: калі кузурка замацоўваецца на новай тэрыторыі, яна здольная за некалькі гадоў знішчыць вялікую колькасць ясеняў.

Дарослая ясеневая смарагдавая златка. Фота: gd.eppo.int

Ясеневая смарагдавая златка (Agrilus planipennis) — адзін з самых небяспечных лясных шкоднікаў у свеце. Родам яна з Усходняй Азіі, дзе насяляе Кітай, Японію, Карэйскі паўвостраў і Далёкі Усход Расіі. Аднак некалькі дзесяцігоддзяў таму жук выпадкова трапіў у Паўночную Амерыку, верагодна, разам з драўлянай упаковачнай тарай. Там ён выклікаў сапраўдную экалагічную катастрофу, знішчыўшы сотні мільёнаў ясеняў.

У апошняе дзесяцігоддзе шкоднік пачаў хутка распаўсюджвацца і ў Еўропе. Спачатку ён замацаваўся ў еўрапейскай частцы Расіі, затым у 2019 годзе быў упершыню выяўлены ва ўсходняй частцы Украіны ў наваколлях Луганска. Беларускія фітасанітарныя службы яшчэ некалькі гадоў таму папярэджвалі, што яго набліжэнне да беларускай мяжы — толькі пытанне часу. У 2024 годзе шкоднік быў зафіксаваны ў Смаленску і Бранску.

Гэтыя прагнозы спраўдзіліся ў красавіку 2026 года, калі ясеневую смарагдавую златку ўпершыню афіцыйна выявілі ў Беларусі. Паводле навукоўцаў, шкоднік быў знойдзены ў гарадскіх насаджэннях Гомеля. Мяркуецца, што ў краіну ён трапіў транспартам, а не распаўсюдзіўся натуральным шляхам.

А вось у краінах Цэнтральнай Еўропы добра бачны натуральны шлях распаўсюджання. Днямі Цэнтральны інстытут кантролю і даследаванняў сельскай гаспадаркі Славакіі паведаміў пра першае выяўленне гэтага віду ў краіне — у вёсцы каля мяжы з Украінай. Падчас планавага маніторынгу ў ферамонную пастку трапілі 18 дарослых жукоў. Раней смарагдавую златку ўжо выявілі ў Венгрыі.

Калі гэты кірунак распаўсюджвання захаваецца, наступнай пад пагрозай апынецца Польшча. У такім выпадку небяспечны шкоднік зможа трапляць у Беларусь не толькі з усходу, але і з захаду.

Дарослая асобіна мае 8,5—15 мм у даўжыню і 3—3,5 мм у шырыню. Яе цела вузкае, клінападобнай формы, а афарбоўка — смарагдава-зялёная, месцамі з залацістым і бронзавым металічным бляскам. Аднак сапраўдную пагрозу ўяўляюць яе лічынкі. Яны развіваюцца пад карой ясеняў, выгрызаючы доўгія звілістыя хады ў камбіі і знешніх пластах драўніны.

Характэрныя хады лічынак ясеневай смарагдавай златкі пад карой дрэва. Фота: gd.eppo.int

У выніку ў дрэве парушаецца рух вады і пажыўных рэчываў. Спачатку сохнуць асобныя галіны, пасля жоўкне і ападае лісце. Заражанае дрэва звычайна гіне праз тры гады, але пры масавым заражэнні гібель можа наступіць праз адзін‑два гады.

Пра прысутнасць шкодніка таксама сведчаць характэрныя D-падобныя адтуліны ў кары, праз якія дарослыя жукі выходзяць пасля завяршэння развіцця.

Выхадныя адтуліны выхаду жукоў на кары дрэва. Фота: Wikimedia Commons

У Еўропе галоўнай ахвярай шкодніка стаў ясень звычайны (Fraxinus excelsior). Гэта адзін з распаўсюджаных відаў дрэў і ў Беларусі — ён расце ў лясах, гарадскіх парках, скверах і ўздоўж дарог. Менавіта таму распаўсюджванне смарагдавай златкі ўяўляе сур'ёзную пагрозу як для прыродных лясоў, так і для гарадскіх зялёных насаджэнняў.

Дарослыя жукі могуць самастойна пералятаць больш за кіламетр, але галоўную ролю ў іх распаўсюджванні на вялікія адлегласці адыгрывае чалавек. Шкоднік пераносіцца разам з драўнінай, саджанцамі і драўлянай упаковачнай тарай. Пасля таго як ён замацоўваецца на новай тэрыторыі, спыніць яго распаўсюджванне вельмі складана, таму ранняе выяўленне лічыцца галоўным спосабам абароны ясеневых насаджэнняў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула