БЕЛ Ł РУС

Без рахунку, без працы, без дакументаў. Як беларус ужо год жыве ў Грузіі пад пагрозай дэпартацыі

21.07.2026 / 12:08

Nashaniva.com

Беларускі праваабаронца Раман Кісляк вырашыў заставацца ў Грузіі да самага канца, нягледзячы ні на што, і паглядзець, ці паспрабуюць грузінскія ўлады дэпартаваць яго ў Беларусь, піша Радыё Свабода.

Берасцеец Раман Кісляк жыве ў Грузіі з 2021 года. Апошні раз ён выязджаў за межы гэтай краіны чатыры гады таму і ўжо амаль год жыве без дзейных дакументаў. У Рамана заблакаваны банкаўскі рахунак, ён не можа больш весці ІП і не ходзіць да лекараў.

Нягледзячы на нязручнасці ў побыце і нават патэнцыйную рызыку дэпартацыі ў Беларусь, Раман пакуль не з'язджае з Грузіі. Кажа, што хоча прайсці да канца ўвесь шлях, выкарыстаць усе спробы легалізацыі ў гэтай краіне. Калі гэта нейкім чынам атрымаецца, то Раман стане першым. Наколькі вядома, дагэтуль ніводзін беларус не атрымаў у Грузіі міжнародную абарону.

Паліцыя

Пасля пераезду ў Грузію ў 2021 годзе Раман спачатку жыў у Батумі, цяпер — у Тбілісі. Амаль год таму скончыўся тэрмін дзеяння яго беларускага пашпарта. Дазвол на жыхарства, які беларусу раней выдавалі ў Грузіі, таксама ўжо страціў сілу.

Сёлета ў сакавіку Раману другі раз адмовілі ў статусе ўцекача ў Грузіі. А два гады таму яго прызналі «пагрозай нацыянальнай бяспецы» гэтай краіны.

Кісляк летась атрымаў часовыя меры абароны Камітэта па правах чалавека ААН, паводле якіх яго нельга дэпартаваць у Беларусь, бо там праваабаронцу пагражае палітычны пераслед. Дакументы ААН дзейныя да жніўня гэтага года.

Праваабаронца звяртае ўвагу, што грузінскія ўлады іх не прызнаюць. Раман падаў заяву на новы дазвол на жыхарства ў Грузіі летась у кастрычніку. Адказу на ягоны запыт пакуль няма.

17 ліпеня ў тбіліскую кватэру, дзе жыве Раман, пазванілі трое супрацоўнікаў памежнай паліцыі Ён перакананы, што на яго службоўцы наткнуліся выпадкова.

«Яны шукалі не мяне, а іншых людзей, суседзяў. Пазванілі ў дзверы, папыталі пра іх. У нейкі момант адзін з паліцыянтаў хацеў зайсці ў кватэру. Гэта быў непрыемны момант. Я сказаў: «Я супраць». Ён: «Ды ладна» — і ўвайшоў. Я сказаў: «Я супраць» і паўтарыў яшчэ некалькі разоў. Ён спыніўся. Тады яны папрасілі паказаць дакумент. Я ім падаў, яны ўбачылі, што ён пратэрмінаваны, і сталі разбірацца», — успамінае суразмоўца.

Раман Кісляк на адным з пікетаў у Тбілісі ля будынку МУС Грузіі. Май 2025

Раман тлумачыць, што паліцыянты шукалі людзей, якія жывуць у Грузіі незаконна. У іх былі спісы на сотні «праблемных» асобаў, там былі і беларусы. Але, са слоў праваахоўнікаў, незаконна жывуць у Грузіі больш за 15 тысяч чалавек — дакладную лічбу яны не назвалі.

«Мяне ў спісах няма. Яны сказалі: «Мы зараз паведамім у Дэпартамент міграцыі. Калі яны скажуць вас даставіць, мы надзенем на вас кайданкі і павязём туды», — пераказвае размову беларус.

Са словаў Кісляка, памежныя паліцыянты былі ў цывільным са схаванымі пісталетамі. Размаўлялі спакойна, паводзілі сябе акуратна, адзначае Раман. Ён не пускаў іх у кватэру паўтары гадзіны, пакуль яго «правяралі» па базах.

Урэшце службоўцы сказалі, што Кісляк павінен прыйсці 21 ліпеня ў Дэпартамент міграцыі, бо, на думку праваахоўнікаў, ён знаходзіцца ў краіне нелегальна.

Раман з гэтым не згодны, бо мае часовыя меры абароны Камітэта па правах чалавека ААН. Ён вырашыў пайсці ў Дэпартамэнт добраахвотна — не з’язджаць і не хавацца.

Кісляк адзначае, што раней, калі ён хацеў трапіць у Дэпартамент міграцыі ў Тбілісі, яму гэта не ўдавалася. Таму афіцыйны выклік — гэта яшчэ і шанец высветліць, што адбываецца з ягоным зваротам па новы дазвол на жыхарства.

«Яны могуць ігнараваць нормы закону, часовыя меры. Адзін з варыянтаў развіцця падзеяў: я прыйду, і яны пачнуць працэс дэпартацыі. Юрысты мне казалі, што ў такім выпадку яны чалавека не затрымліваюць. Тады ў чалавека з’яўляецца нейкі статус. Паглядзім, што будзе гэтым разам», — каментуе праваабаронца.

Кісляк не выключае і варыянту з дэпартацыяй не ў Беларусь, а ў трэцюю краіну. Летась у Грузіі ўступілі ў сілу новы закон пра міжнародную абарону, а таксама закон аб прававым становішчы іншаземцаў і людзей без грамадзянства.

«Яны скасавалі практыку выдачы дазволу на жыхарства. Што яны цяпер будуць рабіць, складана сказаць. Закон памяняўся, і практыка мяняецца. Яны самі могуць не ведаць, што рабіць. Мяне супрацоўнікі Дэпартамента нават у горадзе або ў маршрутцы сустракаюць і пытаюцца: «Ну што, вам выдалі права на жыхарства?» Кажу: «Не, не выдалі». Здзіўляюцца», — усміхаецца Раман.

Пустэча ў законе

Кісляк адзначае, што яшчэ да таго, як Камітэт па правах чалавека ААН выдаў яму часовыя меры абароны, грузінскія ўлады прызналі, што ягоная сітуацыя адпавядае крытэрам уцякацтва. Аднак статус уцекача Раману не далі, бо яго ў Грузіі лічаць «пагрозай нацыянальнай бяспецы».

«Далей у законе нічога няма. Пустэча. Гэта прабел у праве. На практыцы раней такіх людзей (сітуацыя якіх адпавядае ўцякацтву і якіх адначасова прызналі «пагрозай нацыянальнай бяспецы») легалізоўвалі, давалі дазвол на жыхарства. Яны жылі гадамі, больш за дзесяць гадоў», — каментуе ён.

На той факт, што Грузія не прызнае дакумент з часовымі мерамі Камітэта па правах чалавека ААН, Кісляк хоча падаваць скаргу ў Канстытуцыйны суд Грузіі.

Сітуацыю Кісляка пагаршае несапраўдны беларускі пашпарт. Аналагу, падобнага да праязнога дакумента ў Польшчы і іншых краінах, Грузія не выдае. Зрабіць новы беларускі пашпарт па-за межамі Беларусі немагчыма з 2023 года.

Паехаць на радзіму Раман не можа праз пагрозу палітычнага пераследу. Пры гэтым суразмоўца мяркуе, што ў яго не самая горшая сітуацыя — бо ён здолеў трапіць у працэдуру просьбіта ўцякацтва, хоць яму і адмаўляюць у ім.

Праваабаронца ведае сем’і, якія просяць уцякацтва ў межах паскоранай працэдуры, аднак улады не лічаць іх просьбітамі ўцякацтва — такіх людзей могуць у любы момант затрымаць і выправадзіць з краіны.

Кісляк звяртае ўвагу на тое, што пакуль Грузія не выдавала Беларусі палітычных уцекачоў, але дэпартавала на радзіму некаторых іншых беларусаў, якім не пагражае дома палітычны пераслед.

«Магчыма, я буду першым. Але спадзяюся, што не», — разважае Кісляк пра магчымасць таго, што яго, палітычнага ўцекача, дэпартуюць у Беларусь.

Раман не хаваецца ад праваахоўнікаў, каб працягваць жыць у Грузіі таемна. Наадварот — ён не раз выходзіў на адзіночныя пікеты, каб звярнуць увагу на праблемы з легалізацыяй беларусаў.

«У мяне правяраюць дакументы. Заўважае, што дакумент пратэрмінаваны, адзін з дзесяці паліцэйскіх. Навошта мне хавацца? Я нешта парушыў? Яны зрабілі з мяне «нелегала» штучна. Яны павінны вырашыць гэтае пытанне. Я выконваў законы Грузіі. Іншая справа, што цяпер не прадугледжана законаў для гэтай сітуацыі. Я не лічу сябе «нелегалам». Гэта праблема Грузіі, што яна не ўрэгулявала гэтае пытанне», — мяркуе Раман.

Без рахунку, працы і медыцыны

Жыць у Грузіі без дакументаў, якія прызнаюць мясцовыя ўлады, Раману нязручна. У яго са жніўня мінулага года заблакаваныя банкаўскія рахункі, ён не можа атрымліваць на іх грошы і сам рабіць грашовыя пераводы. Кісляк мусіў спыніць дзейнасць свайго ІП. Суразмоўца кажа, што жыве апошні год за ашчаджэнні, бо афіцыйна працаваць не можа.

«Мне трэба кагосьці прасіць (зрабіць перавод пры патрэбе). Гэта вельмі ўскладняе жыццё. Я думаў, што гэтае пытанне хутка вырашыцца, але яно зацягнулася. Тут жыць можна. У таксі, рэстаране ў мяне ніхто не просіць дакументаў», — адзначае ён.

Без дакументаў Раман Кісляк як праваабаронца не здолеў трапіць у ізалятар да беларусаў — яму адмовілі. Аднак ён расказвае, што са сваім пратэрмінаваным грузінскім ID (часовым дакументам просьбіта ўцекацтва) ён лятаў на самалёце ў межах Грузіі.

Раман Кісляк на сумесным пікеце з чэмпіёнкай свету па тайскім боксе Марынай Зялёнай, якая таксама спрабуе легалізавацца ў Грузіі

За мяжу краіны Раман не выязджаў чатыры апошнія гады. Выехаць ён не можа, бо знаходзіцца ў працэдуры просьбы аб уцякацтве. Раней многіх беларусаў, якія выязджалі з краіны на «візаран» — каб абнуліць тэрмін свайго знаходжання ў Грузіі, — не пускалі назад без тлумачэння прычын.

У шпіталь Раман у апошні час не звяртаецца. Кажа, што «проста не хварэе». Што будзе, калі яму раптам спатрэбіцца аператыўная медыцынская дапамога, ён не ведае, але спадзяецца, што яму дапамогуць, хоць невядома, на якіх умовах.

«Думаю, яны ствараюць такія ўмовы, каб людзі з’язджалі. Пражыць так месяц — гэта яшчэ нічога, але год — нашмат горш. Пражыць так дзесяць гадоў немагчыма. Людзі самі з’язджаюць. Навошта нам скандалы, дэпартацыі, экстрадыцыі? Мы створым такія ўмовы, што людзі самі з’едуць», — разважае ён пра магчымую логіку грузінскіх уладаў.

Францыя і Літва

Нягледзячы на побытавыя нязручнасці і нават на пагрозу дэпартацыі, Раман застаецца жыць у Грузіі. Ён называе сябе «паддоследным шчуром», які выпрабоўвае на сабе працэдуру легалізацыі.

«Хачу гэтыя працэсы (з легалізацыяй. — РС) дакруціць. Ёсць беларусы, якія хочуць тут застацца і хочуць разумець, як увогуле гэта тут працуе. Мне прасцей як юрысту самому прайсці гэты шлях. Я ўвайшоў у гэтую раку і іду па ёй. Да нейкага стану легалізацыі дайду — і яны мяне або легалізуюць, або магчымасці заставацца не будзе», — кажа ён.

Раман дадае, што Грузія як краіна яму вельмі падабаецца. Тры гады ён пражыў у Батумі, два — у Тбілісі, вандраваў па розных рэгіёнах. Праблемаў з тым, каб зняць жыллё без дакументаў, у яго няма. Кажа, што ў Батумі ён два гады здымаў кватэру без дамовы арэнды.

«Клімат, атмасфера. Людзі хочуць жыць там, дзе ім падабаецца. Гэта важны момант ідэнтычнасці і свабоднага выбару чалавека. Некаторыя мае калегі кажуць: усе едзьце ў Польшчу. Прабачце, вы за людзей не вырашайце», — разважае суразмоўца.

Раман кажа, што спачатку ён не разумеў, як легалізавацца ў Грузіі, і хацеў адтуль пераязджаць. Але цяпер ён верыць у станоўчае вырашэнне свайго пытання і выпадкаў іншых беларусаў.

Калі ўсё ж яму давядзецца пакінуць Грузію Раман разглядае варыянты пераезду ў Літву або Францыю. Амбасады гэтых краінаў выдаюць дакументы на ўезд, аналагі даведкі на вяртанне з візай. Паехаць у Польшчу ён цяпер не можа, бо скончыўся беларускі пашпарт, а дакумент на ўезд Польшча не выдае.

Раман ускладае надзею таксама на пашпарт Новай Беларусі, які, на ягоную думку, можа ў будучыні дапамагчы беларусам у легалізацыі. Але атрымаць яго ў Грузіі пакуль што немагчыма. Паехаць жыць у суседнюю Турцыю або Арменію Раман не мае намеру, бо там юрыдычная сітуацыя, на ягоную думку, горшая за грузінскую. У Турцыю знік палітычны беларускі дзеяч Анатоль Котаў, у Арменіі былі спробы выкрасці расейскіх дзеячоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула