Заміроўская: Пакуль я не пішу кнігі
«Тыя, хто з’ехаў, нібыта памерлі для тых, хто застаўся. І наадварот», — кажа пісьменніца Таццяна Замірoўская. Упершыню за 11 гадоў пасля эміграцыі ў ЗША яна прыехала ў Еўропу. Як прайшла сустрэча з чытачамі ў Берліне — у рэпартажы DW.
«Сёння ў нас будзе сумная сустрэча», — так сустракае сваіх чытачоў у кнігарні Babel Books Store у Берліне пісьменніца Таццяна Замірoўская. 20 ліпеня тут адбылася першая еўрапейская прэзентацыя яе кнігі «Эўрыдыка, правер, ці выключыла ты газ», якая выйшла ў 2024 годзе.
Таццяна эмігравала ў ЗША 11 гадоў таму і роўна столькі ж не пакідала межы краіны. Пра эміграцыю, трывогу, якая дапамагае пісаць кнігі, і страх жыць сёння ў ЗША яна размаўляла з чытачамі ў Берліне.
«Добра, што мы разам»
Большасць тых, хто прыйшоў на сустрэчу з пісьменніцай Таццянай Замірoўскай у Берліне, чакаюць пачатку на вуліцы. Многія абдымаюцца і суцяшаюць адно аднаго: літаральна за дзве гадзіны да прэзентацыі стала вядома, што ў Варшаве памерла беларуская пісьменніца Святлана Курс.
Унутры кнігарні ідуць размовы пра жыццё і яго складанасці. Дзяўчына з Расіі на першых шэрагах цікавіцца ў выпадковых суседзяў, якія санкцыі цяпер дзейнічаюць супраць Беларусі: пытаецца, бо плануе там доўгачаканую сустрэчу з бацькамі.
«Калі вас няма ў базе вышуку і вам бяспечна ехаць, то Беларусь — цудоўная краіна для сустрэчы, — кажа беларус, які сам ужо пяць гадоў не быў дома. — Мяжа цяпер не вельмі загружаная, за 4—5 гадзін пройдзеце».
«Чатыры-пяць гадзін на цягніку?» — здзіўлена пытаецца расіянка.
«Цягнікі ўжо шэсць гадоў як не ходзяць», — спакойна тлумачыць беларус.
Памяшканне кнігарні невялікае, і ў гэты вечар у ім збіраецца поўная зала — некаторым нават даводзіцца стаяць на вуліцы. У руках у многіх — кнігі Таццяны Замірoўскай з закладкамі, рознакаляровымі стыкерамі і падкрэсліваннямі.
«Калі ў кнізе ёсць падкрэсліванні алоўкам, міжволі хочацца падгледзець, што чалавек вылучыў для сябе», — завязвае размову з мужчынам побач адна з чытачак.
Як высвятляецца, ён родам з Аргенціны, але жыве ў Германіі, дзе вывучыў нямецкую і рускую мовы. Замірoўская — адна з яго любімых сучасных пісьменніц.
Сустрэчу Таццяна пачынае са слоў пра Святлану Курс.
«Вы ведаеце, сёння ўсё пайшло не так, — кажа Таццяна. — Толькі што мы даведаліся, што Святлана памерла. Гэта сумны дзень для ўсіх, хто мае дачыненне да беларускай літаратуры. Але добра, што ў гэты дзень мы разам і можам падумаць пра Свету, можам сказаць, як мы яе любім, што смерці няма і што мы будзем працягваць яе любіць».
«Пакуль я не пішу кнігі»
На самым пачатку Таццяна Замірoўская просіць публіку задаваць ёй шмат пытанняў. І сустрэча сапраўды праходзіць у форме дыялогу. Яе пытаюцца пра выбар жанру, характэрныя толькі для яе мастацкія прыёмы, тэму эміграцыі, якая, паводле яе слоў, ніяк не скончыцца ў яе творчасці, а таксама пра родны горад Барысаў.
Здаецца, пісьменніцу нават расчульвае, што ў зале столькі людзей, якія так добра ведаюць яе кнігі.
Зборнік эсэ «Эўрыдыка, правер, ці выключыла ты газ», які Таццяна прэзентавала ў Берліне, быў надрукаваны яшчэ ў 2024 годзе. Паводле Замірoўскай, ён нарадзіўся дзякуючы хатняму заданню на курсе, які яна вяла для людзей, што апынуліся ў эміграцыі.
Таццяна выканала гэта заданне разам з усімі — напісала пра свой 2022 год і пра канцэрты, на якія яна хадзіла, каб вывесці сябе са стану абыякавасці.
«У кожнага з нас ёсць версія сябе, з якой мы развіталіся, — кажа Таццяна. — Для мяне гэта была ідэнтычнасць беларускай музычнай крытыкіні — да эміграцыі з Беларусі я шмат пісала пра музыку. У 2022 годзе я працавала ў медыя, праз мяне праходзілі вялікія патокі жудасных навін, і мне здавалася, што я развучылася плакаць. Я стала хадзіць на канцэрты сваіх любімых гуртоў і запісваць, дзе я плакала, а дзе — не. Так нарадзілася вялікае эсэ, з якога пачалася гэтая кніга».
Адкуль такая незвычайная назва? Таццяна расказвае, што, калі выбірала загаловак, выпісала некалькі фраз з будучай кнігі. Калі прачытала гэтую, яе «як апарыла».
«Для мяне разрыў з Беларуссю заўсёды выяўляўся праз трывожнасць, калі мы ўвесь час нібыта азіраемся, вяртаемся і правяраем, ці выключылі мы гэты самы газ. Трывога для мяне стала вельмі наратыўным станам, яна натхняе мяне перакладаць свае перажыванні ў словы. А вось страх паралізуе. І пакуль я не пішу кнігі: апошні год быў для мяне цяжкім у сувязі з тым, што адбываецца ў Амерыцы. Страшна жыць у краіне, дзе цябе не хочуць бачыць. Я не хачу ў гэта паглыбляцца, але Амерыка цяпер — не самае радаснае месца», — кажа пісьменніца.
«Нібыта гляджу фільм пра сваё лічбавае ўваскрашэнне»
З Беларусі Таццяна Замірoўская з’ехала ў 2015 годзе. Паводле яе слоў, менавіта эміграцыя сфармавала яе як беларускую пісьменніцу.
«Мне здаецца, усім трэба прайсці праз нешта разбуральнае, каб стаць аўтарам», — кажа яна.
Пры гэтым тэма эміграцыі застаецца адной з цэнтральных у яе кнігах.
«Цяпер у мяне такі эмацыйны момант, калі я ўпершыню за 11 з паловай гадоў перасекла мяжу з Еўропай — нібыта мяжу паміж жыццём і смерцю. Я заўсёды думала: як гэта будзе, калі я ўпершыню выеду з Амерыкі? І вось я прыехала ў Еўропу, бачу ўсіх вас і нібыта гляджу фільм пра сваё лічбавае ўваскрашэнне.
Мне здаецца, што ўвогуле ўсе тыя, хто з’ехаў, нібыта памерлі для тых, хто застаўся, і наадварот. Паміж намі ёсць лічбавая, вербальная сувязь, але мы нібыта сталі прывідамі адно аднаго на экранах».
Паводле Таццяны, у эміграцыі яна стала больш смелай у тым, як і пра што піша.
«Раней я нібыта хавалася за нейкімі будысцкімі прытчамі, не магла пісаць ад першай асобы. У Нью-Ёрку я зразумела, што магу рабіць гэта прама, там няма сэнсу пытацца сябе, што пра цябе падумаюць — ніхто нічога не падумае, усім усё роўна».
Таццяну пытаюцца, ці стаў ужо Нью-Ёрк героем яе кніг. Паводле яе слоў, у апошняй кнізе яго няма ўвогуле, нават нягледзячы на апісанні.
«Гэтая кніга для мяне — пра спробы ўспомніць Мінск. Я памятаю яго фрагментамі, але калі спрабую скласці іх у маршрут, ён распадаецца».
«А Барысаў?» — удакладняюць з залы.
«Барысава тут таксама шмат. Я пражыла там 17 гадоў і ў Мінску 17 гадоў. І нешта мне падказвае, што і ў Нью-Ёрку я пражыву 17 гадоў. Шчыра кажучы, у эміграцыі фотаздымкі Мінска не выклікаюць у мяне эмоцый, а вось Барысаў… Я пачынаю рыдаць, калі іх бачу», — кажа пісьменніца.
Цяпер, паводле слоў Таццяны, яна часова не можа пісаць, але ў будучыні выйдзе пераклад яе апавяданняў на англійскую мову.
«Я не пішу ў жанры «як у Беларусі ўсё жахліва», а прадаць у Амерыцы можна толькі нешта накшталт «паглядзіце, які ў Беларусі таталітарызм». Але нейкім цудам я даслала ў адно выдавецтва свае апавяданні, ім спадабалася, яны ўключыліся і сказалі, што выдадуць», — дзеліцца Таццяна.
Пасля сустрэчы Таццяна Замірoўская яшчэ каля 40 хвілін падпісвала свае кнігі. Да яе падыходзілі людзі і з яе мінулага жыцця ў Беларусі, і з цяперашняга — у ЗША і Нью-Ёрку.
Менавіта там, паводле яе слоў, яна адчувае сябе дома: «Я вельмі выразна зразумела гэта, выехаўшы ў Еўропу», — напісала яна ў сваім фэйсбуку.