Японкі скардзяцца на валасатыя ногі мужчын у офісах. Гэта называюць «харасментам валасатымі галёнкамі»
Улады Японіі заклікалі супрацоўнікаў насіць шорты, каб лягчэй пераносіць спякоту. Але многія жанчыны прызналіся, што не ў захапленні ад адкрытых мужчынскіх ног у офісе.
Фота: EmmanuelInvest / Х
З падрабязнасцямі знаёміць The Telegraph.
Японія ўжо некалькі гадоў запар перажывае ўсё больш спякотнае лета. У жніўні мінулага года ў краіне была зафіксаваная рэкордная тэмпература — 41,8 градуса. Сёлета Японскае метэаралагічнае агенцтва нават увяло новую катэгорыю — kokushobi, або «дзень невыноснай спёкі», для выпадкаў, калі тэмпература перавышае 40 градусаў.
За тыдзень з 6 па 12 ліпеня ў бальніцы з цеплавымі ўдарамі трапілі 4580 чалавек, яшчэ сямёра памерлі.
Каб дапамагчы людзям лягчэй пераносіць спякоту і адначасова скараціць спажыванне электраэнергіі, улады працягваюць кампанію Cool Biz, якая заклікае адмаўляцца ад традыцыйнага офіснага адзення на карысць больш лёгкага. Мужчынам рэкамендуюць насіць пола і шорты замест звыклых дзелавых касцюмаў.
Паводле японскіх рытэйлераў, попыт на такое адзенне ўжо вырас. Адзін з найбуйнейшых японскіх вытворцаў адзення — Yofuku no Aoyama — нават выпусціў спецыяльную офісную калекцыю Cool Biz з лёгкіх тканін, стрыманых колераў і класічнага крою. Як адзначылі ў кампаніі, асаблівую ўвагу надалі даўжыні шортаў, каб яны не адкрывалі занадта шмат цела.
Аднак новая рэкамендацыя выклікала і незадаволенасць. У японскіх медыя нават з'явіўся новы тэрмін — sune-hara, або «харасмент валасатымі галёнкамі». Так называюць дыскамфорт, які некаторыя жанчыны адчуваюць ад выгляду адкрытых мужчынскіх ног у офісе.
Такія настроі адлюстроўваюць і вынікі апытання, праведзенага сеткай клінік лазернай эпіляцыі Gorilla Clinic: 53,5% рэспандэнтаў заявілі, што выступаюць супраць шортаў на працоўным месцы.
«Мужчыны сярэдняга ўзросту, калі ласка, не надзявайце шорты. Мне няёмка. Не паказвайце ногі. Я не хачу іх бачыць», — цытуе выданне словы адной з удзельніц апытання.
Дыскусія закранула і пытанне двайных стандартаў. Хоць больш свабодны дрэс-код афіцыйна прапануюць усім супрацоўнікам, многія жанчыны сцвярджаюць, што ад іх па-ранейшаму чакаюць, што яны будуць насіць празрыстыя калготкі або доўгія спадніцы нават у спёку.
Чытайце таксама:
Японія развітваецца з гальштукамі
Ці часта беларускі сутыкаюцца з харасментам? Актывісты правялі апытанне