У Еўрасаюзе затрымалі танкер расійскага ценявога флоту — ужо пяты сёлета
У Еўрапейскім саюзе паведамілі пра затрыманне яшчэ аднаго танкера, які, паводле ацэнкі еўрапейскіх уладаў, звязаны з так званым расійскім «ценявым флотам». Гэта ўжо пятае падобнае судна, затрыманае сёлета краінамі ЕС і Вялікабрытаніяй.
Танкер MV South Star. Фота: vesselfinder.com
Як паведаміла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас, танкер MV South Star быў спынены 20 ліпеня ў рамках вайскова-марской аперацыі IRINI па падазрэнні ў парушэнні міжнароднага марскога права. Паводле даных сістэм адсочвання суднаў, танкер ходзіць пад сцягам Камеруна. Пасля праверкі ён знаходзіўся ў заходняй частцы Міжземнага мора і рухаўся ў бок Туніса.
Найбольш актыўна ў затрыманнях суднаў, якія падазраюцца ў абыходзе санкцый, дзейнічае Францыя. З пачатку года французскія ўлады затрымалі тры танкеры. У студзені быў спынены Grinch, у сакавіку — Deyna, аднак пазней абодва судны вызвалілі. Яшчэ адзін танкер — Tagor — французскія вайскова-марскія сілы пры падтрымцы Вялікабрытаніі затрымалі 31 мая ў Атлантычным акіяне. Паводле французскага боку, ён таксама выкарыстоўваў ілжывы сцяг Камеруна.
Чацвёртым затрыманым суднам стаў танкер Smyrtos, які 14 чэрвеня быў спынены брытанскімі марскімі пехацінцамі ў праліве Ла-Манш. Судна ішло з расійскага порта Усць-Луга пад сцягам Камеруна і перавозіла каля 100 тысяч тон нафты гатунку Urals. Кошт грузу ацэньваўся прыкладна ў 35 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Улады Вялікабрытаніі разглядалі магчымасць продажу гэтай нафты, а капітана судна — грамадзяніна Індыі Аджая Панта — абвінавацілі ў парушэнні санкцыйнага рэжыму.
Аперацыя IRINI праводзіцца ў цэнтральнай частцы Міжземнага мора з 2020 года. Першапачаткова яе мэтай быў кантроль за выкананнем эмбарга ААН на пастаўкі зброі ў Лівію, а таксама барацьба з незаконным гандлем нафтай і кантрабандай людзей. Акрамя таго, Кая Калас паведаміла, што краіны ЕС пашырылі паўнамоцтвы яшчэ адной вайскова-марской місіі — Atalanta, дазволіўшы ёй праводзіць аналагічныя праверкі суднаў каля ўзбярэжжа Самалі.
Расійскім «ценявым флотам» называюць судны, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі расійскай нафты, нафтапрадуктаў і звадкаванага прыроднага газу ў абыход міжнародных санкцый.
Чытайце таксама:
СБУ атакавала чарговы карабель ценявога флоту РФ
Французы затрымалі чарговы танкер расійскага ценявога флоту
У праліве Ла-Манш рускі вайсковы карабель уступіў у канфлікт з брытанскай яхтай