Каля Камянецкай вежы паставілі вялізны гаманец з пяцірублёвай купюрай
Каля Камянецкай вежы з’явілася новая арт-кампазіцыя «Гістарычны гаманец». Яе стварылі ў выглядзе вялікага партманэ з купюрай наміналам 5 рублёў, якая выглядае знутры, а таксама з манетамі, што нібыта высыпаліся з гэтага гаманца. Вышыня аб’екта складае 2,5 метра, піша Blizko.by.
Гэта адзін з падарункаў гораду да 750‑годдзя Камянца. Да такой ідэі падштурхнула назіранне, што турысты часта фатаграфуюцца каля Камянецкай вежы з пяцірублёвай купюрай, на якой з аднаго боку намаляваная гэтая гістарычная пабудова.
Цяпер у гасцей горада з’явілася магчымасць зрабіць фота ўжо з вялікай пяцірублёвай купюрай.
Асноўныя мерапрыемствы з нагоды 750‑годдзя Камянца пройдуць 25 ліпеня. На стадыёне «Колас» адбудзецца футбольны матч з удзелам зорак беларускага футбола і каманды зорак Брэста, а па ўсім горадзе будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі.
Каля сцен вежы наведвальнікаў пазнаёмяць з эпохай Сярэднявечча: там выступяць рыцарскі клуб, ансамбль гусляроў і аркестр сярэднявечнай музыкі. Таксама будуць арганізаваныя выстава дасягненняў Камянецкага раёна, мястэчка майстроў, кірмашы рамёстваў, фуд-корты, выстава вайсковай тэхнікі і дзіцячыя забаўляльныя зоны.
Святочная праграма на галоўнай сцэне пачнецца ў 14:00 тэатралізаванай гістарычнай рэканструкцыяй. Пасля адбудуцца ўрачыстая цырымонія, канцэрт, праекцыйнае шоу на сценах вежы, феерверк і дыскатэка.
Завершыцца юбілейная праграма 26 ліпеня сямейным футбольным святам «Тата, мама, я — футбольная сям’я», якое арганізуе Беларуская федэрацыя футбола.
Чытайце таксама:
У Брэсце паставілі скульптуру «Сцяг над рэйхстагам» ФОТАФАКТ
У Гродне паставілі скульптуру аленя святога Губерта
У гістарычным цэнтры Магілёва паставілі скульптуру паўголага армрэслера