Дэпутаты выпадкова злілі дакумент пра катастрафічны падзеж жывёлы ў сельскіх гаспадарках
У афіцыйным тэлеграм-канале Палаты прадстаўнікоў памылкова апублікавалі дакумент, прысвечаны падзяжу буйной рагатай жывёлы і птушкі ў сельскіх гаспадарках Віцебскай вобласці за першае паўгоддзе 2026 года. «Наша Ніва» ўважліва вывучыла гэтыя лічбы.
Фота «Нашай Нівы»
Дзясяткі тысяч кароў і мільёны птушак
Цалкам дакумент называецца «Інфармацыя па пытанні пра захаванасць буйной рагатай жывёлы і птушкі ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці за першае паўгоддзе 2026 года».
Згодна з унутранай статыстыкай, толькі за шэсць месяцаў 2026 года ў Беларусі пала 76,6 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Гэта на 2,4 тысячы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Па паказчыку тэхналагічных страт найгоршая сітуацыя ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Скрыншот з дакумента
Асноўная ўвага ў злітым дакуменце надаецца Віцебскай вобласці. Больш за ўсё ўражваюць лічбы па свойскай птушцы. Нягледзячы на тое, што небяспечных эпідэмій сёлета не рэгістравалася, падзеж птушкі за паўгода склаў 2 мільёны 74,9 тысячы галоў (гэта на 92,3 тысячы больш, чым летась).
Скрыншот з дакумента
На паперы паказана зніжэнне падзяжу на 1,9 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, праўда, усё роўна страты не дацягнулі да мэтавых 1,7%. Аднак аўтары дакумента задаюць нязручнае пытанне: ці не звязана гэтае «цудоўнае ацаленне» віцебскага статка з тым, што Лукашэнка пайшоў насустрач губернатару, абараніў аграрыяў ад жорсткага кантролю органаў КДК і рэальны стан спраў стаў фіксавацца не так праўдзіва?
Скрыншот з дакумента
Яшчэ адна схема, пра якую распавядае дакумент — гэта ўтылізацыя жывёлы на мясаперапрацоўчых прадпрыемствах, на якую прыпадае 7,4% ад агульнай колькасці падзяжу. У дакуменце разважаюць, ці гэта не легалізаваны канал схаванага падзяжу, калі замест таго, каб фіксаваць смерць каровы на ферме, жывёлу ў агоніі тэрмінова вязуць на перапрацоўку, каб штучна занізіць статыстыку смяротнасці.
Скрыншот з дакумента
Пагроза дэфіцыту малака і ялавічыны
44% ад усіх памерлых жывёл — гэта цяляты ва ўзросце да 2 месяцаў. Іх гібель выклікана не складанымі хваробамі, а адсутнасцю нармальнага догляду, дрэнным кармленнем і невыкананнем схем вакцынацыі. Што тычыцца дарослых кароў (32% ад падзяжу), то іх галоўная прычына смерці — незбалансаванасць кармлення ў сухастойны перыяд, сіласна-канцэнтратны тып кармлення, выкарыстанне вялікай колькасці канцэнтратаў.
Аўтары дакладу пішуць: масавая страта маладняку азначае, што арганізацыі знішчаюць свой будучы патэнцыял для замены дойнага статка. «Без ліквідацыі гэтай праблемы ўжо ў сярэднетэрміновай перспектыве вобласць сутыкнецца з жорсткім дэфіцытам малака і ялавічыны», — адзначана ў дакладзе.
«Узаконены» падзеж у раёнах
У некаторых раёнах сітуацыя ўвогуле катастрафічная. Тэхналагічныя страты істотна перавышаюць норму ў Шумілінскім (3,5%), Верхнядзвінскім (2,9%), Гарадоцкім і Талачынскім (па 2,7%) раёнах.
Скрыншот з дакумента
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова лаяў чыноўнікаў за гэтую праблему. Ён называў падзеж у халады «маральнай выродлівасцю»: «У кантору стаўце цялят. І гінуць яны ад безгаспадарчасці».
Каб выправіць сітуацыю, у дакуменце прапануецца «перайсці ад папяровага кантролю да рэальных мер»:
- праводзіць раптоўныя праверкі ветэрынарных лабараторый, каб спыніць утойванне рэальных дыягназаў і скажэнне статыстыкі,
- накіраваць у праблемныя калгасы мабільныя групы з вопытных ветэрынараў і заатэхнікаў,
- увесці жорсткі дыктат тэхналагічнага рэгламенту для цялят і праверыць, куды насамрэч ідуць бюджэтныя грошы, выдзеленыя на ветпрэпараты і дабаўкі.
Напрыканцы дакумент ставіць яшчэ адно вострае пытанне: як забяспечыць набор абітурыентаў на мэтавае навучанне ў аграрны сектар у 2027 годзе?
Скрыншот з дакумента