Viva Braslav ужо заўтра, а беларусы кінуліся здаваць ці перапрадаваць квіткі — у чым прыкол?
Квіткі на мерапрыемства каштавалі ад 69 да 760 рублёў у залежнасці ад абранага пакета.
Фота: vivabraslav.by
Напярэдадні фестывалю Viva Braslav, які пройдзе з 24 па 26 ліпеня, многія беларусы пачалі здаваць ці спрабаваць перапрадаць свае квіткі. З чым звязаныя такія паводзіны?
Сёлета асноўным хэдлайнерам фэсту стане Дзіма Білан. Таксама на сцэне на Браслаўскіх азёрах выступяць іншыя расійскія артысты: Мот, Ваня Дзмітрыенка, «Комната культуры», «Давай на ты». З беларусаў заяўлены спявак LYRIQ. Квіткі на мерапрыемства нятанныя — ад 69 да 760 рублёў у залежнасці ад абранага пакета.
Якраз «сумным лайнапам» многія тлумачаць сваё нежаданне ўвогуле прыязджаць на фестываль.
«Фэсты ў РБ страцілі сваю эксклюзіўнасць. Каму цікава слухаць адных і тых жа па сто разоў?»;
«Артысты, якія выступаюць там, ужо сто разоў прыязджалі ў Беларусь. Прывозы ў оргаў сталі ніякія»;
«Нядаўна мая знаёмая, якая жыве ў Еўропе, выкладвала сторыз з фэсту, дзе былі Moby і Gorillaz. Вось гэта я разумею!»;
«Не хаджу на расіян».
Але чаму людзі пазбаўляюцца ўжо купленых квіткоў, яны ж ведалі, што бралі?
Аказваецца, людзі спадзяваліся, што бліжэй да старту падзеі ў лайнапе такі з’явіцца нехта цікавейшы. Але калі гэтага не адбылося, матывацыя знікла. Тым больш, вялікую праблему склала дарагоўля жытла ў раёне фэсту. Некаторыя і за вялікія грошы не змаглі зняць сабе месца на начлег.
«Намёт для мяне не варыянт, а жытло па адэкватным кошце я не знайшла», — падзялілася адна з беларусак у Threads.
Частку людзей адпудзіў патэнцыйны дождж: на гэты момант на пятніцу і суботу ў Браславе абяцаюць ападкі. А ў іншых банальна змяніліся планы ці жыццёвыя абставіны — так адбываецца з усімі фестывалямі, квіткі на якія набываюцца моцна загадзя.
Некаторыя нават прадаюць квіткі на «Куфары» з нацэнкай, каб крыху зарабіць.
Пры гэтым самі арганізатары Viva Braslav настроеныя пазітыўна.
«Мы на пазітыўным вайбіку працягваем мантаж і чакаем такіх жа пазітыўных у госці», — напісаў у сваіх сацсетках заснавальнік фэсту Алег Лабуць.
Раней у інтэрв’ю журналістам Лабуць расказваў, што на сёлетнім фестывалі наведнікаў чакаюць некаторыя новаўвядзенні. Так, упершыню будзе працаваць так званы ціхі кемпінг, дзе з 23:00 да 8:00 будуць дзейнічаць правілы цішыні. Яшчэ адной навінкай стане асобная сцэна ў палаткавым гарадку.
Арганізатары таксама абяцалі пашырыць спартыўную зону, а для ахвотных пазнаёміцца з рэгіёнам — падрыхтаваць экскурсійныя праграмы па Браслаўскім раёне.