Памёр Юрый Хашчавацкі
Вядомаму кінарэжысёру, сцэнарысту і грамадска-палітычнаму дзеячу было 78 гадоў. Ён лічыцца адным з найбольш вядомых беларускіх аўтараў дакументальнага кіно. Быў членам Міжнароднай і Еўразійскай акадэмій тэлебачання і радыё, а яго фільмы неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды на міжнародных кінафестывалях.
Юрый Хашчавацкі
Юрый Хашчавацкі нарадзіўся 18 кастрычніка 1947 года ў Адэсе.
Пасля заканчэння Адэскага тэхналагічнага інстытута па размеркаванні прыехаў у Мінск. Спачатку супрацоўнічаў з Беларускім тэлебачаннем як пазаштатны аўтар, пасля стаў рэжысёрам. У 1981 годзе скончыў Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі.
За сваю творчую кар'еру зняў больш за трыццаць дакументальных і мастацка-публіцыстычных фільмаў. Сярод іх — «Гэта ціхае жыццё ў Глыбокім», «Тут быў Крылоў», «Сустрэчны пазоў», «Усё добра», «Рускае шчасце», «Аазіс», «Час Чжоў Энлая», «Богі сярпа і молата», «Дажыць да кахання», «Каўказскія нявольнікі» і «У пошуках ідышу».
Найбольшую вядомасць Хашчавацкаму прынёс дакументальны фільм «Звычайны прэзідэнт», створаны ў 1996 годзе. Стужка прысвечаная першым гадам кіравання Аляксандра Лукашэнкі і была знятая ў жанры палітычнага памфлету. Фільм атрымаў шэраг міжнародных узнагарод, у тым ліку Прэмію міру Берлінскага кінафестывалю, Гран-пры арганізацыі Human Rights Watch у Нью-Ёрку і прыз «Залатая брама» на кінафестывалі ў Сан-Францыска. Сцэнар да фільма напісаў Леанід Міндлін, прадзюсарам стаў Пётр Марцаў. У здымках удзельнічаў былы міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка, які ў 1999 годзе быў выкрадзены і знік без вестак.
Шырокі рэзананс атрымаў таксама фільм «Плошча», які расказвае аб прэзідэнцкіх выбарах 2006 года ў Беларусі і пратэстах на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.
У грамадскім жыцці Юрый Хашчавацкі быў адным з заснавальнікаў Мінскага аб'яднання яўрэйскай культуры ў 1988 годзе, уваходзіў у праўленне гэтай арганізацыі, але пазней пакінуў яго з-за рознагалосся. У канцы 1990‑х гадоў быў членам Рады дырэктараў Сусветнай асацыяцыі беларускіх яўрэяў.
У палітычнай дзейнасці Хашчавацкі з'яўляўся членам Аб'яднанай грамадзянскай партыі і адкрыта выступаў як апанент улады Лукашэнкі.