БЕЛ Ł РУС

Знайшла сяброўку і пераехала ў публічны вальер. Як цяпер жыве яноціха-нелегалка Ясенія?

23.07.2026 / 20:22

Nashaniva.com

Яноціха па мянушцы Ясенія, якую беларускія мытнікі знайшлі з марскім кантэйнеры з ЗША, ужо некалькі месяцаў жыве ў Парку жывёл пад Баранавічамі. Як пажывае найбольш папулярны янот у Беларусі, даведаліся журналісты выдання Times.by.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Ясенія, якая вырасла ў дзікай прыродзе, у парку адаптавалася даволі складана: пераезд стаў для яе стрэсам. Супрацоўнікі перажывалі за жывёліну, але паступова кантакт з яноціхай удалося наладзіць.

«Спрабавалі пазнаёміць яе з самцом па імені Максім, але Ясенія не падпускала яго да сябе і імкнулася ўцякаць. Пры гэтым яны не канфліктавалі і не біліся — проста не хацела знаходзіцца побач з ім», — расказвае вядучы маркетолаг Парку жывёл Юлія Сак.

Цяпер Ясеніі арыенціровачна каля трох гадоў. Жыве яна ў адным вальеры са сваёй сяброўкай Віялетай — яны ўдзвюх змаглі ўжыцца і сышліся характарамі.

У янотаў кожны дзень праходзяць паказальныя кармленні.

Ясенія прыбыла ў нашу краіну з ЗША ў марскім кантэйнеры, яе знайшлі ў ім гродзенскія мытнікі. Спачатку жывёла знаходзілася на каранціне ў Ашмянскай раённай ветэрынарнай станцыі, пасля пераехала ў Парк жывёл у Баранавічах.

У парку і высветлілі, што янот, якога спачатку лічылі хлопчыкам і назвалі Сенем, насамрэч дзяўчынка. Ёй пачалі падбіраць новае імя і ў выніку назвалі Ясеніяй ды аформілі пашпарт.

Чытайце таксама:

Яноціха Ясенія, якая нелегальна прыехала з ЗША, знайшла мужа ў Баранавічах

Янот Сеня, які прыехаў нелегалам з Амерыкі, аказаўся самкай

Янота Сеню ў баранавіцкім парку прывучаюць да правільнага харчавання

Амерыканскаму яноту-нелегалу выдалі беларускі пашпарт

Каментары да артыкула