Сейм Латвіі падтрымаў новыя абмежаванні на імпарт тавараў з Беларусі і Расіі
Сейм Латвіі 23 ліпеня ў канчатковым чытанні прыняў папраўкі да закона аб падтрымцы мірнага насельніцтва Украіны, якія прадугледжваюць пашырэнне нацыянальных абмежаванняў на імпарт тавараў беларускага і расійскага паходжання, паведаміла прэс-служба латвійскага парламента.
Будынак Сейма Латвіі. Фота: Wikimedia Commons
Згодна з новымі правіламі, у Латвію будзе забаронены ўвоз шэрагу прамысловых тавараў, вырабленых у Расіі або Беларусі. Сярод іх — кнігі, газеты, відэагульні, спартыўныя тавары, цацкі, адзенне і абутак.
Абмежаванні будуць дзейнічаць і ў тым выпадку, калі гэтыя тавары ўвозяцца праз іншыя краіны, але іх краінай паходжання з'яўляюцца Расія або Беларусь. Дакладны пералік прадукцыі, на якую распаўсюджваецца забарона, пазней вызначыць урад Латвіі.
Старшыня парламенцкай камісіі па абароне, унутраных справах і прадухіленні карупцыі Раймандс Бергманіс заявіў, што прынятыя папраўкі накіраваныя на далейшае скарачэнне эканамічных сувязяў з Расіяй і Беларуссю пры адначасовым захаванні падтрымкі Украіны.
Новыя нормы таксама распаўсюджваюцца на асобныя катэгорыі тавараў, якія, на думку латвійскіх уладаў, могуць выкарыстоўвацца для распаўсюджвання прапаганды і дэзынфармацыі.
Акрамя таго, урад будзе абавязаны да 1 сакавіка кожнага года ацэньваць уплыў імпартных абмежаванняў на бяспеку дзяржавы і грамадскія інтарэсы, а таксама падаваць Сейму адпаведную справаздачу.
Закон уступіць у сілу на наступны дзень пасля яго афіцыйнага абвяшчэння. Прадугледжана, што ўстаноўленая ім забарона на імпарт будзе дзейнічаць да 1 ліпеня 2027 года.
Чытайце таксама:
Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы: Латвія — галоўная мэта гібрыднай вайны з боку Беларусі
Латвія пабудуе каля мяжы з Беларуссю завод па вытворчасці беспілотнікаў
Латвійскія вайскоўцы на беларускай мяжы прымянілі слёзацечны газ