БЕЛ Ł РУС

Латушка перадасць інфармацыю пра Мельнікаву польскай пракуратуры

24.07.2026 / 07:21

Nashaniva.com

На ягоную думку, цяпер «Кіберпартызаны» і ўладальнікі фонду Białoruś Liberty, з якога Мельнікава вывела грошы, маюць падставы, каб падаць на яе ў польскі суд.

Фота: АПК

Кіраўнік НАУ Павел Латушка паведаміць новыя звесткі пра былую спікерку Каардынацыйнай рады Анжаліку Мельнікаву Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. Пра гэта ён паведаміў у размове з «Белсатам».

Учора стала вядома, што Мельнікава з двума дзецьмі жыве ў Мінску ў кватэры на вуліцы Пятра Мсціслаўца, а таксама тое, што ў 2022 годзе яна прыязджала з Польшчы ў Беларусь, а яе муж вярнуўся ў Польшчу.

Павел Латушка ў адказ на пытанне «Белсату», ці змянілася з новымі звесткамі ягоная ацэнка гісторыі з Анжалікай Мельнікавай, адзначыў, што інфармацыя, якую прадставіла ініцыятыва «Кіберпартызаны», важная, але не дае адказу на шэраг важных пытанняў: калі Анжаліка Мельнікава пайшла на супрацу са спецслужбамі рэжыму, было гэта прымусам, шантажом альбо добраахвотнай супрацай, пры якіх абставінах гэта адбылося.

На ягоную думку, цяпер «Кіберпартызаны» і ўладальнікі фонду Białoruś Liberty, з якога Мельнікава вывела грошы, маюць падставы, каб падаць на яе ў польскі суд.

«Думаю, што гэтая інфармацыя будзе таксама важнай і для ўладаў Польшчы, бо Анжаліка Мельнікава ёсць і грамадзянкай Польшчы. У сваю чаргу, як заяўнік па факце знікнення Анжалікі Мельнікавай, я таксама накірую гэты артыкул [«Кіберпартызанаў» пра тое, што Мельнікава жыве ў Беларусі і мае пашпарт прыкрыцця] на адрас Нацыянальнай пракуратуры Польшчы, дэпартамент у Лодзі, які вядзе расследаванне па факце знікнення Анжалікі Мельнікавай», — адзначыў Павел Латушка.

З пункту гледжання бяспекі супраца са спецслужбамі, на што паказвае наяўнасць пашпарта на імя Ангеліны Радзівонавай, на чальцах Каардынацыйнай рады не моцна адаб’ецца, мяркуе суразмоўца.

«Калі мы гаворым пра працу Каардынацыйнай рады, то можна яшчэ раз паўтарыць, што Каардынацыйная рада ёсць публічнай, абсалютна адкрытай арганізацыяй і ўсе дэлегаты вядомыя», — сказаў ён.

Аднак Мельнікава працавала і ў НАУ, дзе частка каманды ананімная.

«Безумоўна, шэраг людзей у нашай камандзе ёсць непублічнымі, але мы ўсведамлялі: калі Анжаліка Мельнікава апынулася пад кантролем спецслужбаў, то гэта інфармацыя ўжо даўно ёсць у іх распараджэнні. Гэта рызыкі нашай працы. І пры ацэнках давайце зыходзіць найперш з таго, што супраць нас ідзе абвешчаная сістэмай спецслужбаў адкрытая вайна. Не адной, а ўсіх спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі. І гэта ёсць першапрычынай такіх сітуацый», — дадаў Павел Латушка.

***

Былая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава знікла ў сакавіку 2025 года.

Апошні раз яе бачылі на Шры-Ланцы, куды ў той жа час прыязджаў Аляксей Лабееў — 32‑гадовы мужчына, з якім у Мельнікавай былі адносіны і які, як высветлілі журналісты, працуе ва Упраўленні вайсковай контрвыведкі КДБ.

Пасля яе знікнення ў Польшчы завялі крымінальную справу, але што адбылося з Анжалікай, дагэтуль незразумела.

Праз год у сацсетках з’явіліся яе фатаграфіі з мінскай спартзалы, а бацька прызнаўся «Нашай Ніве», што яна ўжо «даўненька» ў Беларусі. Іншыя бачылі яе ў «Дана Моле». «Люстэрка» высветліла, што ўжо пасля знікнення Мельнікава набыла дзве кватэры ў Мінску. З трэцяй яе кватэры быў зняты арышт і аформлены падзел маёмасці з былым мужам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула