Віцэ-мэр Жодзіна звольніўся, адпрацаваўшы роўна год
Аляксей Папкоў не стаў падпісваць новы кантракт.
Яшчэ 11 ліпеня намеснік старшыні Жодзінскага гарвыканкама Аляксей Папкоў праводзіў прамую лінію, цяпер жа інфармацыя пра яго выдаленая з сайта райвыканкама.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», апошні працоўны дзень у чыноўніка быў 20 ліпеня. Папкоў не захацеў працягваць кантракт і звольніўся з уласнага жадання.
Аляксей Папкоў. Фота: zhodino.gov.by
У 2025 годзе старшыня Жодзінскага гарвыканкама віншаваў Аляксея Папкова з прызначэннем на пасаду намесніка ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва, падкрэсліваючы, што перад ім «пастаўленыя сур’ёзныя задачы».
У студзені 2026‑га Папкоў хваліўся поспехамі ў сваёй галіне: «Па тэмпах будаўніцтва жытла спрацавалі ў плюс, забяспечыўшы выкананне даведзенага паказчыка на 100,7%. Разам з узвядзеннем жытла вялася праца па стварэнні інжынернай і транспартнай інфраструктуры».
Пры ім жа адбывалася рэканструкцыя ўчастку трасы Р53, які праходзіць праз Жодзіна, але заканчваць яе прыйдзецца ўжо з новым прызначэнцам.
Разам са старшынёй гарвыканкама Аляксандрам Цывакам год таму. Фота: zhodino.gov.by
Да гарвыканкама Аляксей Папкоў працаваў начальнікам электрычных сетак Смалявіцкага раёна.
Мае дыпломы БНТУ і Акадэміі кіравання.