БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Выставы ўзбраення падчас вайны дакладна праводзіць нельга

24.07.2026 / 22:21

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля сённяшняга расійскага балістычнага ўдару па Кіеўскай вобласці заявіў, што ваенныя ўмовы не дазваляюць праводзіць выставы ўзбраення з вялікай колькасцю людзей.

На месцы, куды быў нанесены ўдар. Фота: ДСНС Кіеўскай вобласці

У сваім вячэрнім відэазвароце прэзідэнт Украіны адзначыў, што пра гэта «ўжо тысячу разоў гаварылі», і падкрэсліў, што такое мерапрыемства «дакладна не павінна было адбыцца».

Па словах Зяленскага, хоць адказнасць за атаку нясе Расія, у сітуацыі, калі краіна вядзе вайну з такім праціўнікам, як Расія, праводзіць выставы зброі, асабліва паблізу жылых дамоў і з масавым удзелам людзей, недапушчальна.

Зяленскі таксама выказаў спачуванні сем'ям і блізкім загінулых у выніку ракетнага ўдару.

24 ліпеня ў Кіеве і Кіеўскай вобласці была абвешчаная паветраная трывога праз пагрозу прымянення балістычных ракет. Неўзабаве прагучалі выбухі.

Пазней заснавальнік кампаніі-вытворцы абароннай прадукцыі First Contact Валерый Баравік паведаміў у эфіры тэлеканала «Апостроф TV», што пад удар трапіў палігон, дзе ў гэты час праходзіла выстава ўзбраення.

«Украінская рада збройнікаў» таксама пацвердзіла, што атака была нанесеная па месцы, дзе знаходзіліся прадстаўнікі ўкраінскай абароннай прамысловасці. Пры гэтым арганізацыя адзначыла, што інфармацыя пра дакладнае месца правядзення мерапрыемства публічна не распаўсюджвалася.

Паводле папярэдніх даных, у выніку ўдару загінулі 10 чалавек, яшчэ каля 100 атрымалі раненні.

У Офісе генеральнага пракурора Украіны паведамілі, што следства павінна высветліць, хто прыняў рашэнне аб правядзенні мерапрыемства, хто ўзгадняў месца, час і фармат яго правядзення, якія меры бяспекі былі прадугледжаныя і ці былі належным чынам ацэненыя рызыкі ва ўмовах ваеннага становішча.

Чытайце таксама:

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя

Расія нанесла ўдар «Іскандэрамі» па палігоне пад Кіевам, дзе праходзіла выстава ўзбраення

«Я не сустракаў ніводнага вайскоўца, хто б не паважаў Драпатага»: на чале УСУ стаў камандзір новага пакалення. Што ўяўляе сабой Міхаіл Драпаты?

Каментары да артыкула