БЕЛ Ł РУС

Слава Камісаранка расказаў, як жыве, калі застаўся без расійскага грамадзянства

25.07.2026 / 10:12

Максім Сыраежка

Беларускі стэндапер падрабязна расказаў, як пазбаўленне расійскага грамадзянства ўскладніла яго сітуацыю з дакументамі і ці ўдасца яму нарэшце правесці даўно запланаваны канцэрт у Лондане.

Слава Камісаранка. Скрыншот: ютуб-канал коміка

На адным са сваіх стэндапаў Камісаранка адказаў на пытанне гледача пра тое, як цяпер ідуць у яго справы з дакументамі і што будзе з канцэртам у Лондане, які павінен быў адбыцца яшчэ летась.

Адказ быў значна больш падрабязным, чым чакалі ў зале. Комік расказаў, што яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі з Украінай атрымаў расійскае грамадзянства.

«Каб мяне не чапаў Лукашэнка. (…) Таму што я ў вышуку быў па беларускім пашпарце, а не па расійскім. Там рознае напісанне. У вышуку — Камісаранка Вячаслаў. А «Комисаренко Вячеслав» — наогул добрапрыстойны чалавек, нікому нічога не рабіў, і ніхто яго адпаведна не шукае», — патлумачыў комік.

Што тычыцца беларускага пашпарта, то ў ім, як сцвярджае комік, «няма ні старонак, ні месца для віз, ні для пячатак. І хутка яшчэ скончыцца тэрмін дзеяння гэтага пашпарта».

Таму для паездак ён карыстаўся расійскім дакументам.

Усё змянілася пасля таго, як Расія пазбавіла яго грамадзянства. Як заўважае Камісаранка, «гэта было зроблена надзвычай удала»:

«Яны мяне пазбавілі, калі я быў у Дубліне на канцэрце. То-бок я быў нават па-за межамі Еўрасаюза (маецца на ўвазе, па-за межамі шэнгенскай зоны, бо Ірландыя якраз у складзе ЕС — НН)».

Паводле коміка, аб рашэнні расійскіх уладаў яму паведаміў арганізатар канцэрта:

«Памятаю, я да яго падыходжу, а ён такі: «Цябе пазбавілі грамадзянства». Я кажу: «Што?» Ён кажа: «У цябе больш няма грамадзянства».

Як прызнаўся Камісаранка, у той момант ён адразу зразумеў маштаб праблемы і вымушаны быў хутка дзейнічаць:

«Я сяджу і разумею, што ўсё, несапраўдныя ўсе мае дакументы. Несапраўдныя ўсе мае талент-візы цяпер. Несапраўдны мой польскі ДНЖ. І я разумею, што мне трэба заязджаць у Еўрасаюз хутчэй, чым дойдзе інфармацыя, што мяне пазбавілі [грамадзянства]».

Па словах Камісаранкі, ён набыў «самы першы білет у любы горад Польшчы». Ім быў Кракаў. На зваротным шляху ён увесь час быў на сувязі з юрыстам.

«Мы прапрацоўваем варыянт, што мяне не пускаюць, і я сядаю ў міграцыйную турму. І з міграцыйнай турмы падаюся на міжнародную абарону», — расказвае Камісаранка і з іроніяй дадае:

«Так, вось такая цана — пажартаваў, бл*, пра Лукашэнку…».

Па прылёце, па словах коміка, у яго адбылася дзіўная размова з памежніцай:

«Я заязджаю. (…) Трапляю на дзяўчыну, якая бярэ мой пашпарт, бярэ ДНЖ, глядзіць на ДНЖ і такая: «Мэта візіту». Я кажу: «У мяне ДНЖ». Яна кажа: «Ну і мэта візіту». І я такі: «Бл*, гэта дакладна жэсць, карацей дакладна жэсць, мяне зараз не пусцяць». І ў выніку яна мяне прапускае».

Але, паводле Камісаранкі, нават пасля вяртання ў Польшчу праблемы не скончыліся. Наперадзе былі канцэрты ў Іспаніі, а іх адмена пагражала вялікімі штрафамі. Пасля кансультацый з менеджарамі ён вырашыў ляцець, нягледзячы на рызыку, спадзеючыся, што «па Еўрасаюзе там жа не павінны заўважыць».

Вылецець спакойна не атрымалася. Самым напружаным момантам стаў выклік па гучнай сувязі перад пасадкай на рэйс Ryanair.

«Ну ўсё, бл*, гэта ўсё. Гэта выкрылі, гэта мяне выкрылі». І я іду туды, (…) падыходжу і такі: «Так?» І яны такія: «Вячаслаў, вы сядзіце ля аварыйнага выхаду, а ці не маглі б вы перасесці на…» Я такі: «Так!» І ён такі: «Сур'ёзна?» — Я такі: «Так, я магу! Проста ў самалёт пусціце, і я там пастаю недзе ў кутку, якія праблемы?»

Што да паездак у Вялікабрытанію, то, паводле Камісаранкі, ён спадзяецца, што дзякуючы ўведзенай у краіне сістэме электронных віз зможа аднавіць сваю візу і зноў ездзіць туды з беларускім пашпартам, «там ужо не трэба пячаткі ставіць».

«Таму білеты не здавайце, жарты будуць», — запэўніў Камісаранка.

Нагадаем, летась МУС Беларусі ўнёс Камісаранку ў спіс «экстрэмістаў», а пазней і «тэрарыстаў». На радзіме ён за свае жарты ў адрас Лукашэнкі быў завочна асуджаны да 6 гадоў зняволення. З ініцыятывы ФСБ ён таксама быў пазбаўлены расійскага грамадзянства. Яму забаронены ўезд у гэту краіну.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула