Трамп засцярог Украіну ад атак на не расійскія нафтавыя танкеры ў Чорным моры
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пасля кансультацый з прадстаўнікамі суднаходнай галіны папярэдзіла Украіну аб непажаданасці ўдараў па нафтавых танкерах, якія не належаць Расіі, у акваторыі Чорнага мора. Пра гэта паведаміла выданне The Wall Street Journal са спасылкай на свае крыніцы.
Танкер у Чорным моры пасля атакі на яго. Фота: Michael Shtekel / AP
Паводле інфармацыі газеты, асаблівую занепакоенасць у Вашынгтоне выклікае бяспека Каспійскага трубаправоднага кансорцыума (КТК). Праз яго нафта з Казахстана паступае на еўрапейскія рынкі, і гэты маршрут лічыцца важнай альтэрнатывай пастаўкам расійскіх энерганосьбітаў.
Падставай для абмеркавання стала атака беспілотнікаў на марскі тэрмінал КТК у Новарасійску 19 ліпеня, пасля якой была часова спынена пагрузка нафты на танкеры. У КТК заявілі, што кансорцыум не знаходзіцца пад санкцыямі, аб'ядноўвае кампаніі з Расіі, ЗША, Казахстана і краін Заходняй Еўропы, а напад на яго інфраструктуру і цывільныя судны назвалі ўдарам па інтарэсах краін — удзельніц кансорцыума і аб'екце, які абаронены міжнародным правам.
Як сцвярджае The Wall Street Journal, з прадстаўнікамі Белага дома кантактавала і амерыканская кампанія Chevron, якая валодае 15% акцый КТК і паловай акцый казахстанскага радовішча Тэнгіз. Гэтае радовішча забяспечвае каля 12% сусветнай здабычы кампаніі. Кіраўніцтва Chevron абмяркоўвала з амерыканскімі чыноўнікамі магчымыя наступствы для нафтавага рынку і спосабы абароны сваіх інтарэсаў.
За апошнія гады кампанія ўклала каля 48 мільярдаў даляраў у пашырэнне здабычы на Тэнгізе, павялічыўшы яе да прыкладна аднаго мільёна барэляў за суткі. Паводле ацэнак Chevron, у выпадку працяглых нападаў на інфраструктуру КТК кампаніі, верагодна, давядзецца скарачаць здабычу.
Паводле інфармацыі выдання, сам трубаправод і радовішчы не былі пашкоджаныя, аднак працяглыя перабоі могуць істотна паўплываць на даходы Chevron у рэгіёне. Праз сістэму КТК штодня транспартуецца каля 1,4 мільёна бараляў нафты, большая частка якой накіроўваецца ў Еўропу.
Раней тэрмінал КТК у Новарасійску ўжо прыпыняў працу пасля атак беспілотнікаў, што прымусіла Казахстан скараціць здабычу нафты. Паводле даных Bloomberg, каля 80% казахстанскага экспарту нафты ажыццяўляецца праз трубаправодную сістэму КТК. Міністэрства замежных спраў Казахстана асудзіла атакі, назваўшы іх непрымальнымі і такімі, што шкодзяць эканамічным інтарэсам краіны і стабільнасці сусветнага энергетычнага рынку.
У сваю чаргу пасол Украіны ў Казахстане Віктар Майко адхіліў абвінавачанні ў датычнасці Кіева да нападаў на танкеры каля тэрмінала КТК. Паводле яго слоў, доказаў таго, што гэтыя атакі былі здзейсненыя ўкраінскім бокам, няма, і ён заклікаў устрымацца ад неабгрунтаваных абвінавачванняў.
Чытайце таксама:
У порце Новарасійска забаранілі рух суднаў уначы
Украінцы затапілі каля Новарасійска расійскі памежны карабель
Расія пачала ставіць антыдронавыя «мангалы» на падводныя лодкі Чарнаморскага флоту
У Новарасійску пасля атакі ўкраінскіх беспілотнікаў гарыць нафтаперавалачны комплекс
СБУ атакавала чарговы карабель ценявога флоту РФ
Найбуйнейшы тэрмінал Расіі на Чорным моры спыніў экспарт нафты пасля атакі ўкраінскіх дронаў