БЕЛ Ł РУС

МЗС Літвы хоча ўвесці новыя абмежаванні для расіян і беларусаў

26.07.2026 / 16:50

Nashaniva.com

МЗС Літвы хоча ўвесці новыя абмежаванні для грамадзян Расіі і Беларусі — размова пра забарону набываць нерухомасць каля стратэгічных аб’ектаў і тое, каб не ўпускаць у Літву дзеячаў культуры, адукацыі і спорту, якія падтрымліваюць вайну супраць Украіны, піша LRT.

Фота: AP Photo / Pavel Bednyakov

МЗС прапануе не пускаць у Літву фізічных і юрыдычных асоб з Расіі і Беларусі, а таксама прадстаўнікоў арганізацый, якія хочуць весці публічную дзейнасць у сферы адукацыі, навукі, культуры, спорту, мастацтва і забаў, калі акажацца, што яны вядуць ці вялі такую дзейнасць на анексаваных ці часова акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны, альбо калі яны прама ці ўскосна падтрымліваюць вайну супраць Украіны ці ўдзельнічалі ў ёй.

Таксама прапануецца не ўпускаць тых, хто робіць дзеянні альбо праводзіць палітыку, якая шкодзіць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны, шкодзіць яе стабільнасці ці бяспецы, а таксама тых, хто прама ці ўскосна падтрымлівае грубыя парушэнні правоў чалавека ці рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл у Расіі ці Беларусі, альбо чыя дзейнасць стварае пагрозу дэмакратыі ці прававой дзяржаве.

МЗС прапануе, каб ахвотныя прыехаць у Літву з канцэртамі былі абавязаныя падпісаць дэкларацыю з асуджэннем агрэсіі Расіі супраць Украіны і прызнаннем тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў міжнародна прызнаных межах.

МЗС таксама прапануе абмежаваць магчымасці расейцаў і беларусаў з ДНЖ набываць нерухомасць у Літве паблізу стратэгічна важных аб’ектаў.

МЗС прапануе, каб такія папраўкі набылі моц з 1 студзеня наступнага года.

Раней падобныя прапановы — як адносна грамадзян Расіі і Беларусі, якія хочуць выступаць у Літве з канцэртамі, так і адносна забароны набываць нерухомасць паблізу важных для нацыянальнай бяспекі аб’ектаў — вылучалі кансерватары. Іх папраўкі не былі прынятыя, бо выключнае права ініцыяваць нацыянальныя санкцыі дадзенае ўраду.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула