КДБ і АМАП прыйшлі з ператрусам да рэжысёра Андрэя Кудзіненкі
Ён быў вымушаны ўцячы з Беларусі.
Андрэй Кудзіненка. Фота: інстаграм
«КДБ і АМАП прыйшлі з ператрусам да рэжысёра Андрэя Кудзіненкі. Андрэй быў вымушаны ўцячы з Беларусі», — напісаў у фэйсбуку сябра Кудзіненкі, дырэктар фестывалю беларускіх фільмаў Bulbamovie Януш Гаўрылюк.
Па словах Гаўрылюка, беларускія ўлады абвінавацілі Кудзіненку ў «экстрэмізме». Падчас ператрусаў у ягонай кватэры і ў кінашколе ўдзельнічалі восем супрацоўнікаў АМАПа і два супрацоўнікі КДБ. Ператрусы працягваліся 15 гадзін. У Кудзіненкі забралі пашпарт і тэлефон. Усе месенджары і акаўнты Андрэя ў сацыяльных сетках цяпер знаходзяцца пад кантролем КДБ. Рэжысёру сказалі, што яму пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
«Сёння самае галоўнае — Андрэй у бяспецы. Хочацца верыць, што ўжо хутка ён зноў зможа здымаць кіно, а не змагацца за ўласную свабоду», — дадаў Януш Гаўрылюк.
Андрэй Кудзіненка — беларускі рэжысёр і сцэнарыст. Вядомасць яму ў 2004 годзе прынёс мастацкі фільм «Акупацыя. Містэрыі», карціна пра падзеі Другой сусветнай на Беларусі. Фільм складаецца з трох частак і прапануе адрозны ад традыцыйнага партызанскага погляду на вайну. Кудзіненка зняў таксама фільм «Масакра», дзе закранаюцца падзеі Паўстання 1863 года, іншыя стужкі.
Кудзіненка — сузаснавальнік фестывалю Bulbamovie, быў куратарам арт-фэста «Хранатоп», што праводзіўся ў Пастаўскім раёне. На «Беларусьфільме» здымаў серыял пра алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя.