На мяжы Беларусі з Літвой знайшлі патаемны тунэль
Літоўскія памежнікі знайшлі каля мяжы з Беларуссю падземны тунэль, які капалі з беларускай тэрыторыі ў бок Літвы. Знаходку зрабілі ў Аранскім раёне каля вёскі Песцюкі (Piesčiai), паведамляе Delfi.lt.
Паводле інфармацыі Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, у сераду раніцай памежнікі з дапамогай спецыяльных тэхнічных сродкаў, якія фіксуюць падземныя ваганні, выявілі падазроную падземную структуру. Пасля гэтага да аперацыі далучылі польскіх калегаў, якія прывезлі спецыяльнае абсталяванне для пошуку тунэляў.
Падчас праверкі было вызначана месца, дзе вёўся падземны праход. Памежнікі зрабілі адтуліну і пацвердзілі, што з беларускай тэрыторыі ў бок Літвы сапраўды пракладаўся тунэль.
Пазней з дапамогай экскаватара праход раскрылі. На глыбіні каля паўтара метра быў знойдзены тунэль дыяметрам прыкладна адзін метр. Ён ішоў з тэрыторыі Беларусі, прыкладна за пяць метраў ад лініі дзяржаўнай мяжы, у напрамку Літвы.
Аднак тунэль яшчэ не быў завершаны: выхад на літоўскую тэрыторыю не быў пракапаны, таму нелегальныя мігранты або іншыя асобы не паспелі ім скарыстацца.
Па факце выяўлення тунэля пачата расследаванне. Пасля правядзення неабходных следчых і працэсуальных дзеянняў ён быў засыпаны.
Чытайце таксама:
На беларуска-літоўскай мяжы выявілі новы тунэль. З яго выйшлі 38 мігрантаў
Пад плотам на мяжы з Беларуссю знайшлі мігранцкі тунэль
На беларуска-польскай мяжы знайшлі нару для нелегальнай міграцыі