Мінгандлю праверыла сетку крам «Святлафор» і ўсюды знайшло парушэнні
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі (МАРГ) правяло кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы ў крамах сеткі жорсткіх дыскаўнтараў «Святлафор». Праверкі былі арганізаваныя пасля зваротаў грамадзян, у тым ліку атрыманых праз інтэрнэт.
Фота ілюстрацыйнае
У ведамстве паведамілі, што парушэнні знайшлі ва ўсіх правераных гандлёвых аб'ектах.
Найбольш распаўсюджанымі парушэннямі сталі адсутнасць абавязковага асартыменту тавараў, адсутнасць цэннікаў або неабходнай інфармацыі пра прадукцыю. Акрамя таго, у продажы знаходзілі тавары з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці.
Так, у краме ў Іванаве Брэсцкай вобласці з продажу знялі тры віды мясной прадукцыі агульнай масай больш за 94 кілаграмы і коштам звыш 760 беларускіх рублёў.
У іншых выпадках у продажы знаходзіліся прадукты без пазначэння тэрмінаў прыдатнасці, сярод якіх былі мясны фарш, кандытарскія вырабы і сыры. Падобныя парушэнні зафіксавалі таксама ў Мінску.
Па выніках праверак МАРГ выдаў прадпрыемству рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых недахопаў, а таксама прадпісанне аб забароне рэалізацыі асобных тавараў. У ведамстве паведамілі, што юрыдычная асоба будзе прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці.
Паводле інфармацыі МАРГ, у Беларусі сетка «Святлафор» налічвае каля 190 магазінаў. Яна была заснаваная ў Краснаярскім краі Расіі і працуе таксама ў іншых краінах. Уладальнікамі сеткі з'яўляецца сям'я Шнайдэраў, якая перыядычна ўваходзіць у рэйтынгі самых заможных прадпрымальнікаў паводле версіі Forbes.
Чытайце таксама:
За продаж пратэрмінаваных тавараў хочуць пастрожыць адказнасць
Інтэрнэт-краму 21vek.by злавілі на незаконнай рэкламе
Калі крама можа адмовіцца прыняць назад ці абмяняць няношанае адзенне? Патлумачылі ў МАРГ
МАРГ адсочвае кампаніі, якія пазначаюць цэны не ў беларускіх рублях