Ці праўда, што мужчыны хочуць сэксу больш, чым жанчыны? Даследавалі навукоўцы
З падрабязнасцямі дэталёвага даследавання мужчынскай і жаночай сэксуальнасці знаёміць Biology Insights.
Адным з найбольш вядомых даследаванняў пра адрозненні ў сэксуальным жаданні паміж мужчынамі і жанчынамі стала праца навукоўцаў з Універсітэта штата Агая.
Яны вывучылі, як часта пра сэкс думаюць 283 студэнты і студэнткі ў веку ад 18 да 25 гадоў. Аказалася, што медыяна для мужчын склала каля 19 думак за дзень, а для жанчын — каля 10. Гэта прыкметная розніца, але яна вельмі далёкая ад папулярнага сцвярджэння, нібыта мужчыны думаюць пра сэкс кожныя сем секунд.
Пры гэтым індывідуальныя адрозненні аказаліся вельмі вялікімі. Некаторыя мужчыны паведамлялі толькі пра адну думку пра сэкс за дзень, а адзін з удзельнікаў — пра 388. У жанчын паказчыкі вагаліся ад адной да 140 думак. Больш за тое, размеркаванне значна перакрывалася: многія жанчыны думалі пра сэкс часцей, чым многія мужчыны. Іншымі словамі, хоць сярэднія паказчыкі і адрозніваюцца, індывідуальныя адрозненні паміж людзьмі значна большыя, чым сярэдняя розніца паміж паламі.
Чаму ж узнікае розніца паміж паламі? Навукоўцы вылучаюць дзве вялікія групы фактараў — біялагічныя і сацыяльныя.
Біялогія: мозг, гармоны і задавальненне
Частка адрозненняў звязаная з асаблівасцямі будовы мозгу. Важную ролю ў фарміраванні сэксуальнага жадання адыгрывае медыяльная прэаптычная вобласць, якая ў мужчын у сярэднім большая. Даследаванні на жывёлах паказваюць, што яе пашкоджанне прыкметна зніжае сэксуальную актыўнасць. Лічыцца, што гэтыя асаблівасці закладваюцца яшчэ падчас развіцця арганізма пад уплывам гармонаў.
Не менш важную ролю адыгрывае тэстастэрон — галоўны гармон, які адказвае за спантаннае сэксуальнае жаданне як у мужчын, так і ў жанчын. Мужчыны выпрацоўваюць яго прыкладна ў 10—20 разоў больш, таму ў сярэднім часцей адчуваюць сэксуальную цягу без знешніх стымулаў.
У мужчын узровень тэстастэрону адносна стабільны з дня ў дзень (хоць паступова зніжаецца з узростам), таму і базавы ўзровень сэксуальнага жадання звычайна застаецца адносна пастаянным.
У жанчын сітуацыя іншая. Іх сэксуальнае жаданне змяняецца разам з месячным гарманальным цыклам. Падчас авуляцыі многія адзначаюць павышэнне лібіда, пасля яе цікавасць да сэксу можа зніжацца, а з надыходам менапаўзы многія жанчыны паведамляюць пра істотнае аслабленне спантаннага сэксуальнага жадання.
Яшчэ адзін важны фактар — якасць сэксуальнага досведу. Паводле даследаванняў, каля 20% жанчын не дасягаюць аргазму рэгулярна падчас сэксу з партнёрам, тады як сярод мужчын гэты паказчык складае каля 1,2%. Калі сэкс не заўсёды прыносіць чаканае задавальненне, цікавасць да яго можа натуральным чынам зніжацца.
Культура: стэрэатыпы і адносіны
Аднак толькі біялогіяй гэтыя адрозненні не тлумачацца. На працягу доўгага часу грамадства больш талерантна ставілася да мужчынскай сэксуальнай актыўнасці, чым да жаночай. Таму жанчыны могуць менш адкрыта гаварыць пра сваё сэксуальнае жаданне або нават несвядома заніжаць яго, адказваючы на пытанні даследчыкаў. Гэта азначае, што частка выяўленай розніцы можа быць звязаная не толькі з біялогіяй, але і з сацыяльнымі нормамі.
Не менш важны і кантэкст адносін. Даследаванне з удзелам больш як 11 тысяч чалавек паказала, што 34% жанчын за апошні год гублялі цікавасць да сэксу як мінімум на тры месяцы, тады як сярод мужчын гэты паказчык склаў 15%. Асабліва часта жанчыны паведамлялі пра зніжэнне лібіда пасля працяглага сумеснага жыцця.
Навукоўцы мяркуюць, што сваю ролю могуць адыгрываць прывыканне, бытавая руціна і размыванне роляў (калі партнёр адначасова становіцца суразмоўцам, бацькам дзяцей, суседам па доме і напарнікам па гаспадарцы). Гэта можа мацней прыгнятаць жаночае сэксуальнае жаданне, чым мужчынскае.
Іншымі словамі, рэч не ў тым, што жанчыны ад прыроды хочуць менш сэксу. Хутчэй за ўсё, менавіта кантэкст доўгага сумеснага жыцця мацней аслабляе іх лібіда.
Фота: Peter Cade / Getty Images
Погляд праз прызму эвалюцыі
З пункту гледжання эвалюцыйнай біялогіі сярэдняя розніца ў сэксуальным жаданні паміж мужчынамі і жанчынамі мае сваё тлумачэнне.
Адна з найбольш вядомых канцэпцый — тэорыя бацькоўскіх укладанняў, якую ў 1972 годзе прапанаваў біёлаг Роберт Трыверс.
Яна сцвярджае, што пол, які нясе большыя біялагічныя выдаткі на з'яўленне і выхаванне патомства — цяжарнасць, грудное выкормліванне і працяглы догляд дзяцей, — будзе больш асцярожна выбіраць, калі і з кім уступаць у палавыя адносіны. Для полу, чые біялагічныя выдаткі значна меншыя, эвалюцыйна больш выгаднай можа быць стратэгія часцейшага пошуку сэксуальных партнёраў.
Гэтая тэорыя выкарыстоўваецца для тлумачэння не толькі адрозненняў у частаце сэксуальнага жадання, але і асаблівасцяў сэксуальнай рэўнасці, выбару партнёраў, стаўлення да выпадковых сэксуальных сувязяў і нават спажывання парнаграфічнага кантэнту.
Пры гэтым яна не сцвярджае, што паводзіны чалавека жорстка зададзеныя эвалюцыяй або што людзі не могуць дзейнічаць інакш. Хутчэй гэта адна з навуковых мадэляў, якая дапамагае зразумець, чаму ў розных культурах і на працягу гісторыі мужчыны ў сярэднім часцей і больш настойліва шукаюць сэксуальных кантактаў, чым жанчыны.
Што насамрэч азначае адрозненне
У сярэднім мужчыны сапраўды часцей адчуваюць спантаннае сэксуальнае жаданне, чым жанчыны. Аднак на лібіда ўплывае не адзін, а комплекс фактараў: асаблівасці будовы мозгу, узровень тэстастэрону, гарманальныя ваганні, якасць сэксуальнага досведу, грамадскія стэрэатыпы і кантэкст адносін. Пры гэтым ніводзін з іх не вызначае паводзіны чалавека сам па сабе.
Таму жанчына можа мець значна больш высокае лібіда, чым большасць мужчын, а мужчына можа амаль не цікавіцца сэксам праз нізкі ўзровень тэстастэрону, дэпрэсію або праблемы ў адносінах.
Галоўная выснова навукоўцаў у тым, што адрозненні ў сэксуальным жаданні паміж людзьмі — гэта нармальная і чаканая з'ява. Яны адлюстроўваюць складанае ўзаемадзеянне біялогіі, жыццёвага досведу і жыццёвых абставін, якое можа істотна змяняцца на розных этапах жыцця.
Чытайце таксама:
А вось і не ў 20. Калі мужчыны насамрэч дасягаюць піку сэксуальнага жадання?
Прымаць тэстастэрон так кайфова. Але мужчыны пасля горка расплачваюцца