БЕЛ Ł РУС

Старыя карпусы Мінскага гадзіннікавага завода чакае маштабная рэканструкцыя

29.07.2026 / 21:26

Nashaniva.com

Прамысловая тэрыторыя Мінскага гадзіннікавага завода на праспекце Незалежнасці працягвае мяняць сваё аблічча. Паводле праекта, апублікаванага адміністрацыяй Першамайскага раёна Мінска, частка былых вытворчых будынкаў будзе пераўтвораная ў сучасны дзелавы і медыцынскі комплекс, піша Domovita.by.

Рэндэры: адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска

Тэрыторыя завода ўжо перастала быць закрытай прамысловай зонай. Тут працуюць музей прадпрыемства і гастрапляцоўка «Найлепшая вуліца». Цяпер плануецца рэканструкцыя яшчэ двух аб'ектаў.

Найбольш значныя змены закрануць вытворчы корпус №10. Цяперашні трохпавярховы будынак амаль цалкам дэмантуюць, захаваўшы толькі частку падвала. На яго месцы пабудуюць новы сяміпавярховы комплекс.

Рэндэр: адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска

Будынак будзе аформлены ў сучасным архітэктурным стылі. Праект прадугледжвае маналітны каркас, сцены з ячэістага бетону і вентыляваны фасад цёмных колераў з вялікімі панарамнымі вокнамі. Вышыня новага корпуса складзе каля 34 метраў.

На першым паверсе размесцяцца гандлёвыя памяшканні плошчай каля 290 квадратных метраў і медыцынскі блок. З другога па сёмы паверх будуць знаходзіцца офісы і адміністрацыйныя памяшканні.

Рэндэр: адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска

Праект таксама прадугледжвае стварэнне выставачнай інфраструктуры. На трэцім і шостым паверхах з павялічанай вышынёй столяў з'явяцца выставачныя залы плошчай каля 170 квадратных метраў кожная, а таксама канферэнц-зала.

Падвальныя памяшканні будуць выкарыстоўвацца для тэхнічных патрэб — размяшчэння вентыляцыйнага абсталявання і электрашчытавой. Агульная плошча новага корпуса складзе каля 5,2 тысячы квадратных метраў.

Рэндэр: адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска

Змены закрануць і былы склад хімічных матэрыялаў. Яго пераабсталююць пад медыцынскі цэнтр са стаматалагічнымі лабараторыямі. Пасля рэканструкцыі ў будынку будуць працаваць два кабінеты зубных тэхнікаў, гіпсавальная і пакой для персаналу. Каля ўваходу плануецца адкрыць невялікі кававы пункт.

Праект прадугледжвае ўпарадкаванне ўсёй прылеглай тэрыторыі. Для супрацоўнікаў і наведвальнікаў будзе створана 78 парковачных месцаў: 50 непасрэдна каля новых будынкаў і яшчэ 28 — на тэрыторыі завода.

Рэндэр: адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска

Прадугледжваецца захаванне наяўных зялёных насаджэнняў і стварэнне новых газонаў. Усе новыя аб'екты будуць адаптаваныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі: праект уключае безбар'ерныя ўваходы і ліфты.

Рэндэр: адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска

Азнаёміцца з матэрыяламі праекта і выказаць свае заўвагі або прапановы жыхары Мінска могуць да 10 жніўня ў рамках грамадскага абмеркавання. Таксама экспазіцыя праекта прадстаўленая ў будынку адміністрацыі Першамайскага раёна.

Чытайце таксама:

Замест заяўленых шматдзетных сем'яў у новабудоўлю ў Мінску засяляюць ахоўнікаў Лукашэнкі

Савецкі мадэрнізм Ташкента прызналі сусветнай спадчынай ЮНЕСКА. У Мінску яго абшываюць керамагранітам і адмаўляюцца браць пад ахову

Ці правядуць метро ў «Паўночны бераг» і як рэканструююць Даўгінаўскі тракт. Якія перамены чакаюць Цэнтральны раён сталіцы

Стала вядома, у што ператворыцца закінутая грамадская прыбіральня на беразе Свіслачы ў цэнтры Мінска

Каментары да артыкула