Затрымалі групу, якая перапраўляла мігрантаў з Расіі ў Беларусь
Беларускія сілавікі спынілі дзейнасць групы, якая, паводле звестак прэс-службы МУС, арганізавала канал незаконнай міграцыі праз тэрыторыю краіны. Аперацыю правялі супрацоўнікі 5‑га ўпраўлення ГУБАЗіК па Мінску пры падтрымцы байцоў АМАП.
Скрыншот з відэа
Па матэрыялах следства, у схеме ўдзельнічалі чатыры выхадцы з Блізкага Усходу ва ўзросце ад 19 да 29 гадоў. Як сцвярджаецца, яны не мелі рэгістрацыі ў Беларусі і не былі афіцыйна працаўладкаваныя.
Па версіі сілавікоў, на працягу двух гадоў фігуранты арганізоўвалі незаконнае перамяшчэнне грамадзян краін Паўднёвай Азіі з тэрыторыі Расіі ў Беларусь. Для гэтага яны выкарыстоўвалі асабістыя аўтамабілі, на якіх дастаўлялі людзей у Мінск. Пры неабходнасці, як сцвярджаецца, арганізоўвалася незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы па-за афіцыйнымі пунктамі пропуску — праз лясныя масівы і раку.
Паводле матэрыялаў справы, у маі і чэрвені гэтага года гэта група арганізавала незаконны ўезд і знаходжанне ў Мінску як мінімум 19 грамадзян Афганістана. За свае паслугі, паводле звестак следства, падазраваныя бралі ад 150 да 400 даляраў за адну паездку.
Следчыя распачалі крымінальную справу. У дачыненні да затрыманых абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Чытайце таксама:
Латвійскі пункт пропуску «Патэрніекі» на мяжы з Беларуссю застаецца закрытым
Латвія «па тэхнічных прычынах» закрыла мяжу з Беларуссю